Хаменка: Улада ў беларускіх казках заўсёды прысутнічае, але сюжэт ніколі не цэнтралізуецца вакол цара

Падказкі з казкі: як беларусам адолець жыццёвыя нягоды.

Чаму менавіта ў казках трэба шукаць адказы на пытанні, якія людзі задаюць сабе ў крызісныя часы — пра гэта лідар гурта “Палац” Алег Хаменка.

– Беларуская казка – напружаная, жорсткая, крыху падобная на анекдот, і здаецца, што прыдумаць падобнае ўвогуле немагчыма. У залежнасці ад перыяду і настрою яна ўспрымаецца па-рознаму, вымушае задаваць розныя пытанні і шукаць на іх адказы, – кажа Алег Хаменка, які нядаўна прэзентаваў мабільны дадатак “Казкі Беларусі дзеткам і дарослым” .

—А якія казкі найбольш актуальныя  для сёняшняга эканамічнага і палітычнага стану Беларусі?

—Нават чарадзейныя казачкі – гэта не чарадзейная палачка. Але казкі якраз ствараюць прастору, па якой можа прайсці шлях да адраджэння альбо да разумення беларускай ментальнасці.

Кожны раз, калі разважаю, пра што ж гэтыя казкі, разумею, што яны не даюць адказу ці рэцэпту, яны ствараюць прастору для уласнага мыслення чытача. Гэта тое, чаго не хапае грамадству ва ўсім свеце. Казкі даюць магчымасць разважаць, а ўжо нашыя разважанні і перакананні могуць дапамагчы знайсці выйсце з той сітуацыі, у якой мы знаходзімся.

—Вы лічыце, што менавіта зараз мы можам перажываць эпоху адраджэння беларускасці, вяртання да сваіх каранёў?

—Адраджэнне – вельмі складаны і працяглы працэс. Размова пра гэта ідзе ад пачатку дзевятнаццатага стагоддзя. І ішла гэтая хваля з розным поспехам: то прыціскалася, то аднаўлялася. Зараз у свеце ідзе працэс глабалізацыі эканомікі і палітыкі, а нацыянальныя культуры, наадварот, адасабляюцца. Культуролагі і філосафы не могуць зразумець, што адбываецца: здаецца, ідзе глабалізацыя, але чамусьці практычна ў кожнай краіне так востра стаіць нацыянальнае пытанне.

А стаіць яно так востра таму, што цераз эканоміку і палітыку не транслююцца нацыянальна-каштоўнасныя прыярытэты. Няма трансляцыі ўласных нацыянальных каштоўнасцей на карысць наднацыянальных каштоўнасцей. І таму мы павінны паступова рухацца наперад цераз асэнсаванне сябе і сваёй гісторыі – галоўнае, каб нам ніхто не перашкаджаў. І зразумела, каб захаваць нацыянальную дзяржаву, незалежнай перад усім павінна стаяць культура. Гэта і ёсць тыя тры чарапахі, якія трымаюць нацыянальнасць і незалежнасць краіны.

—Якая з сабраных вамі падчас этнаграфичных экспедыцый па Беларусі казак больш за ўсё адлюстроўвае беларускую душу?

—Хутчэй за ўсё, гэта казка “Салдат-доктар”. Там вельмі шмат ментальных рысаў беларуса. Ёсць і ўсе дрэнныя, і ўсе добрыя.

—Ці верыць беларускі  казачны герой у добрага цара?

—Улада ў асобе цара альбо караля, і таксама святара, у беларускіх казках заўсёды прысутнічае. Але ўсе яны проста выконваюць сваю функцыю і існуюць паралельна жыццю героя. Сюжэт ніяк не цэнтралізуецца вакол цара ці святара.

—Як беларус у народных казках пераадольвае цяжкасці: сваімі сіламі ці чакае нейкага цуда?

—Нейкае дао ў нашых казках ўсё ж-такі прысутнічае, то бок герою заўсёды трэба прайсці нейкі шлях. А вось будзе на ім цуд ці не, невядома. І ў выніку альбо спадзяванні героя спраўдзяцца, альбо ўсё будзе лепш, чым чакалася, а можа стацца, што ў выніку будзе і горш. Абавязковая рэч – гэта вось той шлях, які герой мусіць пераадолець.

—Чым адрозніваецца герой беларускіх казак ад героя расійскіх?

—Як раз тым, што рускі герой чакае нейкага цуда, а беларус ідзе да яго. Можа гэта гучыць банальна і ўзнёсла, але для мяне гэта відавочна.

—Якім паўстае беларус у сабраных вамі казках?

—Я думаю, што ў героя беларускіх казак прысутнічае ўсё: і станоўчыя, і адмоўныя моманты. Няма такога, каб ён быў абсалютна дрэнным ці абсалютна выдатным. Беларуская казка заўсёды паказвала супярэчлівага чалавека: станоўчыя героі часта крадуць ці падманваюць, адмоўныя – наадварот, кажуць праўду, але яна прыводзіць да трагічных падзеяў. Тыя ж самыя жывёлы могуць быць абсалютна крыважэрнымі, але яны адыгрываюць станоўчую ролю.

Вось, напрыклад, была адна казка, дзе на калінавым масту Іван патрабуе ад цмока бітвы. Цмок прапануе: “Можа, лепш будзем мірыцца”. Іван яму: “Што ж гэта я тут пад мастом сядзеў і чакаў, каб мірыцца з табой? Не, будзем біцца на смерць!”. А цмок кажа Івану: “А што ты такі дзёрзкі? Раней прыязжалі, спакайнейшыя былі…”. Такога падыходу няма ў замежных казках. Гэта гаворыць пра нейкую ўнікальную ментальнасць беларусаў.

Трэба адзначыць яшчэ, што беларускія казкі не ментарскія. Я сам аматар таго, каб казка несла адказы і была абсалютна зразумелай, але гэтага амаль няма ў нашым фальклёры. Ёсць пэўная казка, і кожны разумее яе па-свойму, а перачытваючы яе праз пэўны час, можа кожны раз разумець яе сэнс інакш. Гэта якраз тое, што важна для беларуса: шматсэнсовасць любой падзеі.

—Ці варта ў такім разе выносіць беларускую казку ў міжнародную культурную прастору?

—Ёсць планы стварыць міжнародны праект на электроннай платформе, перакласці нашыя казкі на іншыя мовы. Зараз ідуць пераклады дзесяці адабраных казак, якія агучаць нашыя сябры з Ірландыі. Мне падаецца, што менавіта ірландскія артысты зразумеюць аб чым ідзе размова ў нашых казках і інтанацыйна правільна іх пададуць. Але пакуль складана адабраць казкі, бо я думаю часам, вось прачытаюць яе сучасныя амерыканскія дзеці і што яны з яе вынясуць? Хочацца захаваць казкі ў тым выглядзе, у якім яны былі напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя, без моцнага літаратуранга ўплыву. Але і “ламаць” замежнага чытача таксама не хочацца. І я ўпэўнены, што нашыя казкі такія ж цікавыя, як “Гары Потар”, толькі больш нечаканыя.

Даведка “Заўтра тваёй краіны”

Праект “Казкі Беларусі дзеткам і дарослым” аб’ядноўвае каля 90 беларускіх казак, якія Хаменка сабраў падчас сваіх этнаграфічных падарожжаў па краіне. Усе казкі агучыў сам Алег Хаменка, а музычна аздобіў яго гурт “Палац”. Казкі падзеленыя на пяць раздзелаў: казкі для дзяцей, казкі пра жыццё, казкі пра жывёл, чарадзейныя казкі і казкі для дарослых. Агучыў казкі лідар гурта “Палац” Алег Хаменка, а ілюстрацыі зрабіла мастачка Юлія Рудзіцкая.

Сродкі на яго рэалізацыю шляхам краўдфандынга дапамаглі сабраць больш за сто чалавек з Беларусі і з-за мяжы.

Пакуль мабільны дадатак даступны уладальнікам iPhone і iPad. Цягам года з’явіцца версія праграмы і для платформы андроід.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 12
  • Балл: 5