Праграмы кандыдатаў: толькі Караткевіч узгадала пра свабоду СМІ

Прэс-служба ГА «БАЖ» параўнала перадвыбарчыя абяцанні кандыдатаў на прэзідэнта датычна журналістаў і СМІ. Дакладней, аказалася, што параўноўваць няма чаго. Толькі Таццяна Караткевіч у сваёй праграме згадала праблемы журналістаў і СМІ.

У прыватнасці, кандыдатка ад кампаніі «Гавары праўду!» у выпадку сваёй перамогі на выбарах абяцае зняць існуючыя бар’еры для стварэння і свабоднай дзейнасці СМІ і журналістаў; прыбраць практыку, калі друкаваныя выданні і інтэрнэт-сайты асцерагаюцца крытыкаваць уладу, выяўляць карупцыю і фіксаваць парушэнні правоў грамадзян.

Таксама Таццяна Караткевіч лічыць неабходным стварыць умовы для свабоднай канкурэнцыі айчынных СМІ, стымулюючы пры гэтым развіццё нацыянальнага інфармацыйнага рынку; абмежаваць дзяржаўныя датацыі сферай навучальнай, краязнаўчай, навуковай, гістарычнай, культурна-асветніцкай і дзіцяча-юнацкай літаратуры.

Між тым, ігнараванне тэмы СМІ большасцю кандыдатаў на прэзідэнта медыяэксперты называюць прадказальным і лічаць, што няма нагоды засмучацца.

– Уся справа ў сёлетнім наборы кандыдатаў, – кажа вядомы аналітык, кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі. – У мяне склалася ўражанне, што Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч і не змагаюцца за прэзідэнцкае крэсла. У такім выпадку ім няма і сэнсу пераймацца такімі тэмамі, як свабода медыя. Таму пра медыя клапоцяцца тыя, хто сур’ёзна ўдзельнічае ў выбарах.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі звяртае ўвагу на тое, што на сёлетніх выбарах грамадства наогул не ўбачыла паўнавартасных праграм кандыдатаў, абсалютна ўсе з якіх абмежаваліся сціслымі тэзіснымі версіямі.

– Сапраўды, Таццяна Караткевіч заяўляла ў сваіх выступах, што свабода слова неабходная для Беларусі. А вось Мікалай Улаховіч, наколькі я памятаю, лічыць, што яе цалкам дастаткова. Сяргей Гайдукевіч таксама актыўна выступаў у ключы «супраць рэвалюцый», таму, думаю, ён мае таксама такую асцярожную пазіцыю на гэты конт, – кажа Быкоўскі.

– Але не трэба забываць, што ў нашай краіне ўсе заўважныя заваёвы журналісты зрабілі акурат насуперак таму, што прапаноўвалі палітыкі і ўмовы. І ўсе гучныя тэмы, праблемы грамадства за дзесяцігоддзі незалежнасці ўздымаліся журналістамі зусім не таму, што хтосьці гэтаму спрыяў. Таму я не думаю, што нам варта сур’ёзна засмучацца з-за адсутнасці тэмы свабоды медыя ў праграмах кандыдатаў, – дадае Паўлюк Быкоўскі.

  • Оцени статью: