Ці могуць падручнікі быць ідэальнымі?

…і ці прыслухоўваюцца іх стваральнікі да меркавання бацькоў школьнікаў.

Школьныя падручнікі выклікаюць шмат пытанняў у вучняў, бацькоў і настаўнікаў. Іх абвінавачваюць у празмерным акадэмізме, падчас складанай для школьнікаў тэрміналогіі, адсутнасці міжпрадметных сувязяў… Нездавальняючую падрыхтоўку выпускнікоў па дакладных навуках многія таксама звязваюць з якасцю школьных падручнікаў. Педагогі са стажам прыгадваюць з настальгіяй савецкія падручнікі і прапануюць перагледзець іх змест, каб паспрабаваць адаптаваць да патрэбаў сучаснай школы. А ці магчыма ўвогуле стварыць школьны падручнік, які задаволіць усіх: і настаўнікаў, і вучняў, і іх бацькоў? Якім павінен быць падручнік новага пакалення? Чым парадуюць вучняў у новым навучальным годзе стваральнікі вучэбнай літаратуры? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, мы накіраваліся ў Нацыянальны інстытут адукацыі.

А можа, лепш якасны?

— Даволі часта ў паняцце «якасны падручнік» укладваюць крыху іншы сэнс — «ідэальны падручнік». Я лічу, што падручнік павінен быць не ідэальным, а сучасным і адпавядаць патрэбам сённяшняга і заўтрашняга дня, — дзеліцца сваімі думкамі начальнік метадычнага цэнтра інстытута Рыгор Чамаданаў. — Ідэальнасць — статычная рэч, а ўмовы вакол нас пастаянна змяняюцца, змяняюцца сучасныя дзеці, развіваецца навука, у тым ліку педагагічная, удасканальваюцца навучальныя тэхналогіі… Грамадства прад’яўляе новыя патрабаванні да навучання і выхавання школьнікаў. Усё гэта пры стварэнні падручнікаў трэба ўлічваць. Не варта забывацца пра тое, што беларускі падручнік — зусім малады. У нас змянілася ўсяго тры яго пакаленні (прайшло тры перавыданні). А ў савецкія часы дасканалым лічыўся падручнік, які перавыдаваўся не менш як 10 разоў. Гэта, заўважу, сказалі навукоўцы Акадэміі навук, а не я. З кожным чарговым перавыданнем падручнікі ўдасканальваліся і шліфаваліся. Таму ўсе з павагай прыгадваюць падручнік па фізіцы Пёрышкіна, па гісторыі — Кароўкіна і гэтак далей. Сапраўды, пакуль што некаторыя з нашых падручнікаў яшчэ недасканалыя, але іх змест значна палепшыўся: паміж першым і трэцім выданнем — вялікая розніца! Першыя падручнікі, якія вымушана ствараліся ў вельмі сціслыя тэрміны, былі больш падобныя на навуковыя трактаты, чым на кнігі для школьнікаў. Пры перавыданні падручніка абавязкова ўлічваецца меркаванне педагагічнай грамадскасці… Напрыклад, у аснову стварэння новых падручнікаў па замежных мовах быў пакладзены камунікатыўны падыход, паколькі ставілася канкрэтная мэта — кожны выпускнік павінен валодаць гутарковай замежнай мовай і свабодна кантактаваць з носьбітамі іншых моў хаця б на бытавым узроўні.

Конкурс — па новых умовах

Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце, доктара педагагічных навук Людмілы Худзенкі, падрыхтоўка і стварэнне сучасных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для агульнаадукацыйных устаноў — шматбаковы і творчы працэс, у якім удзельнічаюць вучоныя, метадысты, настаўнікі, выдаўцы і паліграфісты. Галоўная роля ў гэтым працэсе, несумненна, адводзіцца аўтарам ці аўтарскім калектывам. Для павышэння якасці нацыянальных падручнікаў іх трэцяе пакаленне стваралася ўжо на конкурснай аснове. З 2008 па 2012 год быў праведзены конкурс па стварэнні падручнікаў па ўсіх прадметах.

— З улікам атрыманага досведу мы вырашылі перагледзець умовы правядзення конкурсу, — расказвае Людміла Худзенка. — Мяркуецца, што на конкурс трэба будзе прадставіць канцэпцыю падручніка і адзін з найбольш складаных яго раздзелаў. А раней трэба было напісаць увесь падручнік, выдаткаваць на гэта, магчыма, некалькі гадоў свайго жыцця, а потым даведацца, што праца была марная: перамог падручнік тваіх канкурэнтаў. Пры такім падыходзе было не шмат ахвотных удзельнічаць у конкурсе… Цяпер пад увагу будзе брацца бачанне будучага падручніка аўтарскім калектывам, яго канцэпцыя, таксама будзе ацэньвацца і шэраг іншых параметраў, напрыклад узровень складанасці выкладання матэрыялу, ілюстрацыйны матэрыял, адпаведнасць узроставым асаблівасцям школьнікаў, адукацыйным стандартам і вучэбным праграмам, сучаснаму стану развіцця навукі, паслядоўнасць і пераемнасць зместу пры пераходзе з класа ў клас, унутрыпрадметныя і міжпрадметныя сувязі. У аснову стварэння новых падручнікаў закладваюцца практыкаарыентаванасць у выкладанні матэрыялу і рэалізацыя кампетэнтаснага падыходу.

Немалаважная акалічнасць — захаванне канфідэнцыяльнасці. Ніхто не будзе ведаць аўтараў падручніка да заканчэння конкурсу. Імёны рэцэнзентаў да абвяшчэння вынікаў агучвацца таксама не будуць, каб цалкам выключыць суб’ектыўнасць пры ацэньванні.

Анкета для бацькоў

Як адзначае Рыгор Чамаданаў, звычайна ў аўтарскі калектыў уваходзіць не менш як тры чалавекі. Як правіла, гэта вучоныя (паколькі навуковы складнік падручніка вельмі важны), метадысты і педагогі-практыкі, якія знаёмы як з метадычным апаратам, так і з адукацыйнай праграмай.

Натуральна, што кожны падручнік абавязкова праходзіць доследную праверку, да якой прыцягваюцца як вучоныя, спецыялісты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і інстытутаў развіцця адукацыі, так і школьныя настаўнікі. І, калі падчас апрабацыі падручніка высвятляецца, што дзеці не разумеюць вучэбны матэрыял, што настаўніку цяжка растлумачыць вучням нейкую тэму, падручнік адпраўляецца на дапрацоўку…

У межах доследнай праверкі вучэбных выданняў праводзіцца таксама анкетаванне бацькоў. Анкета, якую ім прапануецца запоўніць, змяшчае наступныя пытанні: «Ці зразумела для вашага дзіцяці выкладзены вучэбны матэрыял у падручніку (ці даступна сфармулявана вызначэнне паняццяў, законаў і прынцыпаў, дадзена іх тлумачэнне)?», «Ці можа ваш сын (дачка), вывучыўшы вучэбны матэрыял, самастойна адказаць на пытанні, якія даюцца ў канцы параграфа?», «Ці мае месца вучэбная перагрузка пры рабоце з падручнікам?». Бацькам прапануецца таксама адзначыць нумары параграфаў і назвы тэм, тэарэтычны матэрыял якіх выклікаў у дзіцяці цяжкасці.

Не ўсе падручнікі выклікаюць незадаволенасць бацькоў. Напрыклад, падручнікам «Хімія» за сёмы клас засталіся незадаволены толькі 2% з іх. Амаль усе бацькі канстатавалі, што дзеці рэдка звяртаюцца да іх па дапамогу менавіта пры падрыхтоўцы хатніх заданняў па хіміі. Ніводнага параграфа (тэмы), тэарэтычны матэрыял якіх выклікаў бы ў сямікласнікаў цяжкасці, не было адзначана. Невыпадкова падручнік «Хімія. 7 клас» быў высока ацэнены і настаўнікамі-экспертамі, якія адзначылі поўную яго адпаведнасць дыдактычным прынцыпам даступнасці і нагляднасці.

Увогуле, думкі бацькоў найчасцей за ўсё супадаюць з ацэнкай вучэбнага выдання педагогамі. Вынікі анкетавання ўважліва аналізуюцца спецыялістамі інстытута і знаходзяць адлюстраванне ў аналітычных запісках па выніках доследнай праверкі.

З 2011 года на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі дзейнічае форум «Якасць школьных падручнікаў». Меркавалася, што новая рубрыка стане своеасаблівым анлайн-каналам для экспертызы падручнікаў, дзе свае думкі і заўвагі зможа выказаць кожны. Як сведчыць аналіз водгукаў на форуме, заўвагі, што паступаюць на сайт, тычацца пераважна аб’ёмнасці асобных параграфаў у падручніках, складанасці выкладання вучэбнага матэрыялу і якасці ілюстрацыйнага матэрыялу. Шэраг заўваг тычыцца таксама якасці перакладу на беларускую мову вучэбнага матэрыялу па матэматыцы, біялогіі, гісторыі, фізіцы і інфарматыцы. У Нацыянальным інстытуце адукацыі запэўніваюць, што ўсе слушныя заўвагі і прапановы, зробленыя наведвальнікамі форуму, даводзяцца да ведама аўтараў. Ім перадаюцца і лісты, што паступаюць у Нацыянальны інстытут адукацыі ад грамадзян, якіх хвалюе якасць айчыннай вучэбнай кнігі.

Яшчэ больш даступнасці

З 1 верасня ў 10 класе пачне масава ўкараняцца профільнае навучанне. Якімі падручнікамі будуць забяспечвацца дзесяцікласнікі?

— Пры пераходзе ў 2008 годзе на 11-гадовы тэрмін навучання быў прыняты адзін узровень засваення зместу адукацыі — базавы. У такой сітуацыі стварыць падручнік, які задаволіў бы ўсіх без выключэння вучняў, было праблематычна, — тлумачыць Людміла Худзенка. — З аднаго боку, ён павінен быў утрымліваць пэўны набор базавых ведаў, змест і мова выкладання падручніка павінны былі быць даступнымі абсалютнай большасці вучняў, а з іншага — даваць магчымасць высокаматываваным навучэнцам для больш паглыбленага вывучэння прадмета. Увядзенне профільнага навучання дазволіць нам дыферэнцыраваць змест навучання. Зараз мы працуем над канцэпцыяй базавага падручніка, які будзе ўключаць мінімальна неабходны аб’ём тэарэтычнага і практычнага матэрыялу, а таксама ўтрымліваць электронныя дадаткі. У нас ёсць магчымасць зрабіць гэты падручнік яшчэ больш даступным.

Паралельна ў Нацыянальным інстытуце адукацыі рэалізуецца навукова-даследчы праект па стварэнні электроннага падручніка-навігатара па хіміі для 10 класа.

— Падручнік-навігатар пашырае магчымасці класічнага вучэбнага забеспячэння. Яго прынцыпова новая якасць заключаецца ў тым, што ён закліканы выконваць функцыю навігацыі па ўсіх кампанентах вучэбна-метадычнага комплексу. Гіпертэкставая арганізацыя матэрыялу дазваляе хутка перайсці да неабходнага раздзела, параграфа, слоўніка або тэставых заданняў. Пры неабходнасці можна выйсці па спасылцы на рэсурс аддаленага доступу, напрыклад на сайт або партал, дзе размешчаны іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу (хрэстаматыі, даведнікі, іншы дадатковы матэрыял), — расказала начальнік адукацыйнага цэнтра інстытута, кандыдат філалагічных навук Ірына Шаўлякова-Барзенка. — У адрозненне ад вучэбнага выдання на папяровай аснове падручніку-навігатару ўласцівы такія функцыі, як мультымедыйнасць, інтэрактыўнасць, наяўнасць зваротнай сувязі (рэакцыя з боку электроннага падручніка на дзеянні навучэнца ў выглядзе каментарыя, дапамогі ці падказкі), магчымасць выбудоўвання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі. Адметнасцю будзе арыгінальны вучэбны мэдыякантэнт: педагогі з Ліцэя БДУ спецыяльна для новага падручніка запісваюць міні-фільмы з дэманстрацыяй хімічных вопытаў. У ідэале падручнік-навігатар павінен быць такім, каб яго можна было выкарыстоўваць на розных тыпах электронных прылад — ад інтэрактыўнай дошкі да планшэта і смартфона.

…І літаратура «пад музыку»

Між іншым, сёння на нацыянальным адукацыйным партале (www.adu.by) прадстаўлена ўжо каля 200 электронных навучальных курсаў, створаных у Нацыянальным інстытуце адукацыі па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас.

Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій Ірыны Васільевай кожны з курсаў уключае тры буйныя модулі. Даведачна-інфармацыйны, напрыклад, змяшчае разнастайныя мультымедыйныя рэсурсы, слоўнікі, хрэстаматыі і іншага кшталту даведачную інфармацыю. Кантрольна-дыягнастычны модуль прадстаўлены рознымі трэнажорамі, практыкумамі, апытальнікамі, задачнікамі, тэставымі заданнямі, а інтэрактыўны — віртуальнымі навучальнымі лабараторыямі, рознымі дыдактычнымі гульнямі, камп’ютарнымі мадэлямі, якія дазваляюць візуалізаваць вывучаемыя аб’екты. Напрыклад, пры вывучэнні матэматыкі настаўнік можа выкарыстоўваць інтэрактыўны модуль з дэманстрацыяй дынамічных мадэляў. Іх можна круціць, паказваць у лепшым ракурсе, мяняць маштаб, задаваць неабходныя параметры ў адпаведнасці з умовай задачы. Настаўнік можа загадзя спампаваць мадэль на флэшку, калі ў школьнай аўдыторыі няма доступу ў інтэрнэт, прынесці на урок і з дапамогай камп’ютара і праектара выкарыстаць электронны рэсурс пры тлумачэнні новай тэмы.

Ці ўзяць беларускую літаратуру. Здавалася б, як на ўроках літаратуры можна выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання? «Вельмі проста», — адказваюць супрацоўнікі інстытута і адкрываюць раздзел «Беларуская літаратура. 8 клас». Пры знаёмстве з творчасцю Максіма Багдановіча, у прыватнасці з яго вершам «Зорка Венера», прадугледжана знаёмства школьнікаў з такім тэарэтычным паняццем, як раманс. Рэсурс пабудаваны так, што спачатку васьмікласнікам прапануецца вызначэнне гэтага тэрміна ў літаратуразнаўстве, а затым даецца магчымасць супаставіць гэта паняцце з тым, як яно прадстаўлена ў іншых відах мастацтва, напрыклад у музыцы. Раманс можна на ўроку праслухаць. Гэта дазваляе школьнікам лепш зразумець сутнасць раманса як жанру.

На партале размешчаны таксама электронныя варыянты школьных падручнікаў у PDF-фармаце. Электронная копія папяровага падручніка можа аказацца карыснай у тых выпадках, калі пад рукой няма друкаванага варыянту. Можна скачаць падручнік на сваю электронную прыладу і заўсёды мець яго пад рукой. Ацэняць гэту магчымасць і выпускнікі пры падрыхтоўцы да выпускных і ўступных іспытаў.

На павышаным узроўні

А цяпер што тычыцца профільных класаў. Для вывучэння прадметаў на павышаным узроўні на партале выкладзена шмат электронных адукацыйных рэсурсаў. Усе яны знаходзяцца ў свабодным доступе. Скажам, калі нейкая тэма ў профільным класе вывучаецца на павышаным узроўні, то ў дапамогу педагогам на партале прадстаўлена ўся неабходная дадатковая інфармацыя. Пакуль што там выстаўлена інфармацыя, якая спатрэбіцца настаўнікам у першай вучэбнай чвэрці. Але паступова гэтая база будзе папаўняцца.

  • Оцени статью: