Галоўныя мовы, на якіх размаўляе свет

Графічны дызайнер SouthChinaMorningPost Альберта Лукас Лопез прадставіў падрабязную схему, што адлюстроўвае 23 найбольш распаўсюджаныя мовы свету прапарцыйна колькасці іх носьбітаў. Яе, як і іншыя яго работы, дызайнер публікуе на lucasinfografia.com.

Выява: Alberto Lucas Lopéz

Націсніце, каб паглядзець у высокім разрозненні

У свеце сёння вядомыя прынамсі 7102 жывыя мовы. Дваццаць тры з іх родныя для прынамсі 50 млн чалавек, разам яны родныя для 4,1 млрд чалавек. Кожная з гэтых моваў прадстаўленая ў межах, што адлюстроўваюць колькасць іх носьбітаў на краіну, колер адпавядае рэгіёну, у якім яны ўкараніліся.

7,2 млрд чалавек сёння жывуць на Зямлі, 6,3 млрд чалавек уключаныя ў даследаванне, з якога ўзятая інфармацыя, 4,1 млрд чалавек маюць роднай адну з 23 самых распаўсюджаных моў.

Найбольшую плошчу займаюць кітайская мова (з мноствам яе дыялектаў), што выкарыстоўваецца пераважна ў Кітаі і мае 1,197 млрд носьбітаў, іспанская з 399 млн носьбітаў у Еўропе і Амерыцы і англійская з 335 млн носьбітаў пераважна ў Паўночнай Амерыцы і ўласна Вялікабрытаніі і Ірландыі. Немалая плошча і ў рускай мовы з яе 166 млн носьбітаў, 6,7 з якіх аднесеныя да Беларусі.

Адзначаецца, што інфармацыя ў крузе прыблізная — ацэнкі не абсалютна дакладныя, некаторым звесткам больш за 8 год.

Беларускай мовы на схеме няма — яна мае менш за 50 млн носьбітаў. Па звестках перапісу насельніцтва 2009 года, беларускую мову ў Беларусі роднай назвалі 5,688 млн беларусаў і 217 тысяч грамадзян Беларусі іншай нацыянальнасці.

Пад кругам моваў прадстаўленыя і іншыя цікавыя звесткі: колькасць краін, у якой размаўляюць на той ці іншай мове (у лідарах англійская, арабская і французская з 110, 60 і 51 краінамі адпаведна), самыя папулярныя мовы для вывучэння ў якасці замежнай (лідары — англійская, французская і кітайская з 1500, 82 і 30 млн навучэнцаў адпаведна), колькасць моваў у асобнай краіне (найбольш у Папуа-Новай Гвінеі, Інданэзіі і Нігерыі — па 839, 707 і 526 моваў адпаведна).

  • Оцени статью: