Адмена прапіскі ўзмоцніць адказнасць за пражыванне без рэгістрацыі

Прапіска дажывае апошнi год. На змену ёй, як паведамiў начальнiк упраўлення грамадзянства i мiграцыi ГУУС Мiнгарвыканкама Мiкалай Шэўчык, прыйдзе рэгiстрацыя грамадзян – у пашпарце “будзе ставіцца адзнака аб месцы жыхарства”. Паслабленне прапіснога рэжыму дабавіць клопату ўчастковым iнспектарам мiлiцыi i супрацоўнiкам ЖЭСаў.

Падчас рэгістрацыі захаваецца дазвольны прынцып. Для таго, каб пасялiцца ў тым цi iншым горадзе (пра вёску гаворка не iдзе, паколькi ахвочых там жыць з кожным годам усё менш) патрэбен дазвол мясцовых уладаў. Дарэчы, у цывiлiзаваных краiнах рэгiстрацыя мае заяўны прынцып. Гэта значыць, што чалавек, якi прыехаў жыць у пэўны населены пункт, проста ставiць перад гэтым фактам мясцовыя ўлады, а не пытаецца ў iх дазволу. У Беларусi, каб атрымаць запаветны рэгістрацыйны штамп у пашпарце зноў давядзецца нямала паблукаць па чыноўнiцкiх кабiнетах, цi заплацiць кругленькую суму ўладальнiкам лiшнiх квадратных метраў у кватэры.

Цяпер для рэгiстрацыi аднаго чалавека спатрэбiцца наяўнасць жылля агульнай плошчай не менш 15 квадратных метраў. Пакуль жа для прапiскi неабходна не менш 12 "жылых квадратаў". Крыху пашырыцца i спiс сваякоў, да якiх можна будзе прапiсацца без улiку наяўнасцi вольных метраў. Пакуль у гэтую катэгорыю уваходзiць толькi блiзкая радня: муж i жонка, бацькi i дзецi. Пры ўвядзеннi рэгiстрацыi, гэты спiс папоўняць браты i сёстры, у тым лiку нават стрыечныя, дзядзькi, цёткi, пляменнiцы, унукi.

Наплыву гэтых "бедных сваякоў" асцерагаюцца мiнскiя ўлады. Сапраўды, у невялiкiх беларускiх гарадох цяпер цяжка знайсцi прыстойную працу. Там няма амаль нiякiх перспектыў для моладзi. У сталiцы магчымасцяў выбiцца ў людзi больш, ды i заробкi вышэйшыя. Але ж Мiнск -- не гумавы. Вялiкай колькасцi ўнутраных мiгрантаў сталiца прыняць не можа. Калi гэтых людзей зарэгiстраваць на законных падставах, то многiя з iх аўтаматычна атрымаюць права на iльготныя жыллёвыя крэдыты i ўсе без выключэння на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне.

Па прагнозах спецыялiстаў, сацыяльная iнфраструктура сталiцы не вытрымае "рэгiстрацыйнай рэформы". Таму гарадскiя ўлады просяць Аляксандра Лукашэнку, якi павiнен да канца гэтага года сваiм указам адмянiць прапiску i зацвердзiць палажэнне аб рэгiстрацыi, зрабiць для Мiнска шэраг выключэнняў. У прыватнасцi, прапануецца фактычна захаваць у сталiцы iснуючыя ўмовы атрымання запаветнага штампа ў пашпарце.

Адметна, што пасля ўвядзення рэгiстрацыi, улады плануюць узмацнiць адмiнiстрацыйную адказнасць за парушэнне яе парадку i правiлаў. Сачыць за тым, каб людзi жылi строга па месцы сваёй рэгiстрацыi будуць не толькi ўчастковыя iнспектары мiлiцыi, але i супрацоўнiкi ЖЭСаў. Камунальшчыкi, напрыклад, матэрыяльна зацiкаўлены ў тым, каб усе жыхары кватэр былi зарэгiстраваны па месцы жыхарства, бо ад гэтага залежыць аплата паслуг.

  • Оцени статью: