Што такое культура для беларускіх чыноўнікаў

Чаму за мяжой часта не заўважаюць адметных асаблівасцяў Беларусі.

Развіццю сферы культуры ў Беларусі замінае адсутнасць культурна-палітычнай стратэгіі, яе падзел на “лаяльную” і “незалежную” і ўшчамленне непасрэдна беларускай нацыянальнай культуры.

Да такіх высноў прыйшлі аўтары маніторынгу рэалізацыі Канвенцыі ЮНЭСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, праведзенага Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.

Даследчыкі вызначаюць невысокі ўзровень развіцця сферы культуры ў межах рэалізацыі Канвенцыі, якую Беларусь падпісала ў 2006 годзе.

– Далучэнне Беларусі да Канвенцыі – гэта магчымасць сінхранізацыі нашай культуры з еўрапейскай прасторай. І зараз прыйшоў час да падвядзення вынікаў дзеянняў і эфекта ад дакумента за першае дзесяцігоддзе яго існавання, –  кажа старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Таццяна Вадалажская.

Стан сферы культуры аўтары даследвалі на падставе аналізу Канвенцыі, айчынных і міжнародных даследаванняў, а таксама апытання 24 экспертаў і прадстаўнікоў культурнага асяроддзя.

Аўтары далі ацэнку ўмовам для развіцця і праявы культурнай разнастацнасці, якія ўключаюць прававыя, эканамічныя і сацыяльныя аспекты.

– Сюды ўвайшлі такія аспекты, як умовы для існавання разнастайных культурных суб’ектаў, меры эканамічнага заахвочвання, а таксама ўзровень талерантнасці грамадства для ўспрыняцця гэтай разнастайнасці ці наяўнасць прэферэнцый, – тлумачыць Таццяна Вадалажская.

Таксама аналітыкі вывучылі уплыў культуры на развіццё грамадства, унутраныя рэсурсы і патэнцыял развіцця сферы культуры, узровень міжкультурнага ўзаемадзеяння ў краіне і па-за яе межамі.

Базавая праблема развіцця культуры ў тым, што ў беларусаў няма асэнсаванага паняцця культуры.

Сфера культуры ў беларускім заканадаўстве мае вузкае значэнне і амаль прыроўніваецца да пэўнай галіны вытворчасці. Хаця ў Кодэксе аб культуры, які плануецца прыняць у гэтым годзе, ёсць некаторыя пазітыўныя змены ў некаторых паняццях, пашырэнні круга суб’ектаў культурнай дзейнасці, вызначэнне механізмаў прыватна-дзяржаўнага партнёрства, але ж гэтае вызначэнне вельмі далёкае ад асновы Канвенцыі ЮНЭСКА.

– Тэкст праекта Кодэкса аб культуры запазычвае пэўныя рэчы з Канвенцыі ЮНЭСКА. Але Канвенцыя і беларускае заканадаўства існуюць у паралельных рэальнасцях. Калі першая арыентавана на стварэнне ўмоў для развіцця розных форм культурнага самавыяўлення і яе ўплыву на сацыяльнае і эканамічнае развіццё, то наша заканадаўства не мае такіх амбіцый. Яно разглядае культуру як асаблівы тып вытворчасці, галіну сацыяльнай дзейнасці, што ў тэрмінах Канвенцыі адзначана як індустрыя культуры, – кажа дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Адрозненне месца культуры і яе функцый у беларускай рэальнасці і міжнародным дакуменце пазбаўляе нас магчымасці наблізіцца да еўрапейскай і міжнароднай культурніцкай прасторы.

Адзнака “незадавальняюча”

Розныя аспекты адпаведнасці стану беларускай культуры Канвенцыі, па ацэнках апытаных экспертаў, вар’іраваліся ад 8,9 да 12,5 балаў з максімальных 30.

Умовы для развіцця і праяўлення культурнай разнастайнасці эксперты ацанілі ў 11 балаў.

– У якасці негатыўных фактараў апытаныя называлі недасканаласць заканадаўства, існуючыя чорныя спісы выканаўцаў, непразрыста матываваныя адмовы ў прадстаўленні памяшканняў, адмены выставаў, практыку цэнзуры, а таксама шэраг эканамічных механізмаў, якія негатыўна адбіваюцца на недзяржаўным сектары, – кажа аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Алёна Зуйкова.

Уплыў культуры на развіццё грамадства эксперты ацанілі ў 8,9 балаў.

Дзве культуры: незалежная і дзяржаўная — знаходзяцца ў няроўным становішчы, лічаць удзельнікі апытання. Першая не мае магчымасці для масавага ўздзеяння на грамадства, а другая негатыўна ўплывае на нацыянальную тоеснасць і знаходзіцца пад уздзеяннем расійскай культуры.

–  Гэтыя дзве плыні адна адну не падтрымліваюць, нясуць розны возбраз краіны і яе культуры. Такі падзел стварае паралельнасць, якая не дае нам развівацца, прадстаўляць адзіную беларускую культуру за мяжой, –  лічыць Таццяна Вадалажская.

Праблемы культуры стварылі кола перашкод для пашырэння культурніцкіх ініцыятыў і ўздзеяння на грамадскасць. Культурныя праекты не прыносяць прыбыткаў, таму бізнес не бачыць сэнсу іх фінансаваць. На сродкі, якія і дзяржава, і бізнэс укладваюць у культуру, яна можа захоўвацца, але не развівацца. Акрамя гэтага паніжаецца прэстыж культуры з-за невялікіх заробкаў прафесіяналаў гэтай сферы.

Эксперты вызначылі высокі чалавечы і творчы патэнцыял культуры: ёсць шмат ініцыятываў, даволі крэатыўных людзей. Але і ў гэтым напрамку адзнака толькі 10,1 балаў, таму што застаюцца перашкоды для пашырэння гэтага патэнцыялу. То бок якасная падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца толькі ў асобных галінах, і якасць яе зніжаецца. Таксама амаль адсутнічае падрыхтоўка спажыўцоў культуры, якая звычайна даецца ў агульнаадукацыйных установах.

Развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння апытаныя ацанілі 12,5 баламі.

–  Асноўны экспарцёр беларускай культуры – гэта дзяржава, але ў нас няма адмысловай праграмы кшталту той, якую выкарыстоўваюць іншыя краіны для прасоўвання сваёй культуры. Таму за мяжой часта не заўважаюць адметных асаблівасцяў Беларусі, –  тлумачыць  Алена Зуйкова.

У той жа час узровень індывідуальных міжнародных кантактаў працягвае расці.

Узаемадзеянне суб’ектаў культурнай палітыкі, на думку экспертаў, не перавышае 9 балаў.

Прадстаўнікі культурніцкага асяроддзя і аналітыкі адзначылі, што удзел грамадзянскай супольнасці і бізнэса ў рашэннях па культуры застаецца пад кантролем дзяржавы, з боку рэгулятараў дамінуе прынцып дазвалення, а не супрацоўніцтва.

– У нас ёсць каардынацыя, але няма узаемадзеяння розных суб’ектаў у сэнсе культурнай палітыкі, –  падкрэслівае Таццяна Вадалажская.

Эксперты лічаць, што апошнім часам заўважная новая плынь беларускай нацыянальнай культуры ў недзяржаўным сектары, і што дзяржава пачынае здымаць перашкоды для яе развіцця. Але непразрыстасць і неадназначнасць законаў і практыкі ў культуры захоўвае падазронасць, што ў любы момант адраджэнне беларускай культуры можа сгарнуцца. Таму яшчэ рана казаць пра сталы трэнд развіцця культуры самавызначэння.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 4