Данэйка: Большасць дзяржпрадпрыемстваў проста ніхто не купіць

Нават пры жаданні ўладаў Беларусі правесці прыватызацыйны працэс, ён кожны раз заканчваецца нічым.

  Беларусь падышла да моманту, калі без ўдасканальвання сістэмы кіравання на дзяржаўных прадпрыемствах, іх рэкруктурызацыі, далейшае развіццё эканомікі немагчымае. І гэтым неабходна займацца, бо сёння казаць пра паспяховую прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў проста не даводзіцца. Такое меркаванне выказаў падчас канферэнцыі «Мінск пасля Рыгі» адміністратыўны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Павел Данэйка.

Данэйка: «Значную частку прадпрыемстваў ужо нельга прадаць — няма ні знешняга, ні ўнутранага пакупніка. Бо для асобных чыноўнікаў вялікі сакрэт, што прадаюцца не станкі і сцены, а прадаюцца бізнесы, прыбыткі заўтрашняга перыяду. Калі прыбыткі не зарабляюцца, то гэта нічога не каштуе. А тое, што можна прадаць — прадаць немагчыма. Бо ў гэтай краіне няма кваліфікацый у апараце, які адказвае за гэты працэс, каб правесці гэты працэс. Інвестбанкір — гэта складаная і вельмі дарагая прафесія і ў сённяшніх умовах наняць такіх людзей і прывесці ў сістэму практычна немагчыма. І мы бачым, як пры жаданні правесці прыватызацыйны працэс, ён заканчваецца нічым».

Магчыма, кажа Данэйка, трэба прыцягнуць міжнародныя інвестыцыйныя банкі, каб яны праводзілі прыватызацыйныя працэдуры там, дзе гэта яшчэ магчыма зрабіць. Як надаць жыццяздольнасць айчынным дзяржаўным прадпрыемствам, можна дыскутаваць, але на думку эксперта, калі гэта тэрмінова не зрабіць, то беларускай эканоміцы будзе вельмі складана выходзіць з сённяшняга крызісу.

Апроч таго, Данэйка звяртае ўвагу на неабходнасць паляпшэння ўмоваў для бізнесу і змену сістэмы адукацыі для тэхналагічных прафесій.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 3.7