Як стварыць у Беларусі камфортны горад

Чаму варта павучыцца гарадскім жыхарам у вяскоўцаў, распавядае расійскі ўрбаніст Святаслаў Мурунаў.

Фото: minsknews.by

Дзяржава не хоча, каб яе грамадзяне занадта шмат думалі

Сацыяльная актыўнасць для людзей – гэта прыродная з’ява. А яе адсутнасць на постсавецкай прасторы – фантомны боль і патэрналізм Савецкага Саюзу.

Каб сацыяльная актыўнасць зрабілася штодзённай дзейнасцю, патрэбны культура і адукацыя. У абедзвюх галінах, на жаль, немагчымыя рэзкія змены. Пытанне “калі” залежыць ад таго, ці з’явяцца новыя тэхналогіі, якія не патрабуюць вялікіх рэсурсаў для адукацыі.

Cвятаслаў Мурунаў

З’явіўся інтэрнэт. Ці з’явяцца культурныя тэхналогіі, якія дазволяць вельмі хутка фармаваць асобу ці вельмі якасна дыскутаваць аб гэтым? З’яўляецца нешта накшталт  семінараў, якія існуюць у фармаце вандроўных універсітэтаў. І Лятучы ўніверсітэт у тым ліку. Калі іх будзе шмат, мы пачнем казаць, што ёсць новыя тэхналогіі.

А калі нехта будзе супраць гэтага? Напрыклад, дзяржава, якая знаходзіцца ў парадыгме планавай эканомікі і не хоча, каб яе грамадзяне занадта шмат думалі. Нехта яшчэ? Так, Расія супраць, бо цывілізацыя адна: Украіна, Беларусь, Расія… Калі нехта з іх пачынае хутка сацыялізавацца і пераходзіць на іншы ўзровень, іншаму робіцца дужа нявыгадна.

Хто ведае ўсіх у сваім пад’ездзе?

У Расіі няма мясцовых супольнасцей як лакальных суб’ектаў па месцы жыхарства. У Беларусі яны ёсць толькі, можа быць, у вясковых паселішчах.

У нас ёсць разуменне, што без мясцовых супольнасцей рухацца немагчыма. А ў вас ужо стаіць пытанне, што з імі рабіць.

Але пра цэласнасць мясцовых супольнасцей казаць нельга. Яны слабенькія. Бо якія крытэры добрай мясцовай супольнасці? Па-першае, людзі ведаюць адзін аднаго. І мы адразу разумеем, што зараз людзі ведаюць адзін аднаго ў дамах не вышэй за 6 паверхаў, а такія дамы не будуюць. У дамах жыве 600-700-1000 чалавек. А гарызантальныя сувязі ўсіх з усімі магчымыя калі ў доме максімум 200 жыхароў. Гэтыя шматпавярховыя дамы апрыёры прызначаныя для сацыяльнага расслаення.

Маё любімае пытанне на канферэнцыях і воркшопах: “Сябры, падыміце рукі, хто ведае ўсіх у сваім пад’ездзе? Трымайце. Скажыце, хто з вас скідваецца на вяселле і пахаванне?”

Рукі апускаюцца – ніхто. А гэта самы першы культурны сцэнар. Варта пытаць, ці выбіраюць яны агульнага дэпутата? І адразу робіцца зразумелай моц мясцовых супольнасцей і іх прызначэнне ў грамадстве.

Вёска застаецца на ўзроўні сацыяльнага развіцця XIXстагоддзя

Вёска характарызуецца тым, што мясцовая супольнасць фармуецца вуліцай, родавымі сувязямі, накірункам дзейнасці. Але новых сцэнараў не з’яўляецца. Адпаведна яна застаецца фактычна на ўзроўні сацыяльнага развіцця XIX стагоддзя. Мясцовая супольнасць не валодае складанымі кампетэнцыямі: не ўмее кіраваць сваёй будучыняй, моцна залежыць ад знешніх фактараў, ад гораду.

Таму што цэнтр рэфлексіі з вёскі прыбралі. Краязнаўчы музей мусіць быць такім інстытутам развіцця, у прынцыпе збіраць інфармацыю: аб чым мы марым што адбываецца побач, каго мы страчваем. Адсутнасць гэтых функцый пераўтварае вёскі ў сатэліты вялікіх гарадоў.

А вялікія гарады не думаюць аб тым, адкуль бяруць энергію, і задача ствараць устойлівыя агламерацыі не стаіць, бо гэта адказнасць.

Калі б мы перайшлі зараз на квазіварыянт, калі нейкія гарадскія функцыі пачынаюць выконвацца ў вёсцы, то мы б атрымалі зусім іншых вясковых жыхароў ці хаця б новы клас. Вёска магла б абараняць свае зацікаўленасці. А зараз яна залежная і асобаарыентаваная: пашанцавала са старшынёй калгасу – добрая вёска, не – калгас разваліўся.

Любыя змены павінны пачынацца са знаёмства

На сваіх майстар-класах мы ніколі не прапануем знешніх ідэй. Асноўны прынцып далучэння людзей да нейкай дзейнасці – іх удзел у рэфлексіі і генерацыі ідэй.

Чаму на ўсёй постсавецкай прасторы праваліліся хвалі актывізму? Таму што былі пасіянарыі, якія прыходзілі на тэрыторыю і спрабавалі людзей супраць іх волі зрабіць шчаслівымі і палепшыць іх жыццё.

Любыя змены павінны пачынацца са знаёмства. Хто вы і хто мы? Магчыма, мы яшчэ не гатовыя размаўляць на агульнай мове.

І таму знешнія ідэі – самае простае. Мы за апошнія 20 год паспрабавалі капіраваць усё, бо не ўмеем думаць самі, асабліва калектыўна. Для такога мыслення патрэбныя іншыя інструменты – дыскусія ў грамадстве, незалежныя медыі. Мусіць існаваць іншая культура дыялогу – яе няма, усе пераходзяць на асобы і высвятляюць, “хто тут казёл”.

Нельга прыходзіць з наборам ідэй. Магчыма нават не трэба прыходзіць без выкліка. Я за нейкую экаўстойлівасць развіцця: не просяць – не лезь. Калі нават бачыш, што кепска, але няма суб’екта, які аб гэтым кажа. Значыць, тэрыторыя не гатовая.

Чалавек -- цэнтр усіх працэсаў

Вызначэнне “камфортны горад” -- не зусім карэктнае, гэта -- спажывецкі дыскурс. Сэнс ёсць казаць аб гарадах з устойлівым развіццём. Я лічу, што камфортны асяродак той, дзе ў цэнтр усіх працэсаў пастаўлены чалавек. І гэта асяродак, у якім рэалізуюцца  чалавечы і сацыяльны капітал. Сацыяльны капітал мае патрэбу ў грамадскай прасторы, чалавечы – у шчасці.

Для гарадоў першасныя культурныя коды і сэнсы, не менш важныя для іх сацыяльныя суб’екты – людзі ў розных формах арганізацыі. І сам горад як фізічная прастора – суперпазіцыя ўзаемадзеяння сацыяльных суб’ектаў, натхнёных і інфіцыраваных рознымі культурнымі кодамі.

Нашыя постсавецкія гарады не могуць гэтым пахваліцца, бо нават пры наяўнасці розных суб’ектаў няма магчымасці рэалізоўваць сваю палітыку. Еўрапейскія гарады ў прынцыпе шматсуб’ектныя, з вельмі добрай сістэмай зваротнай сувязі. Пабочным эфектам гэтай сацыяльнай сувязі ёсць камфортны гарадскі асяродак.

Прыклад: вы ствараеце Сочы, збудаваўшы горад еўрапейскага, але ў ім нікога няма. Скончацца ў дзяржавы грошы, і праз 10 год  Сочы пераўтворыцца ў нешта накшталт чарнобыльскай Прыпяці.

Турызм – таксама пабочны эфект культурнага ўзаемадзеяння розных сацыяльных суб’ектаў. Важны найперш суб’ект. А ў нас з імі праблема.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 9
  • Балл: 5