Праблема з палітвязьнямі у Беларусі вырашаная?

У часе свайго дзьвюхгадзіннага аўторкавага выступу перад студэнтамі й выкладчыкамі ў новым будынку БДУ прэзыдэнт Беларусі, апроч іншых, закрануў і тэму вядомых зьняволеных. “Цяпер чарга Эўразьвязу прадэманстраваць свае добрыя намеры ў адносінах да беларускага народа”, - заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Ці не азначаюць словы кіраўніка дзяржавы, што тыя, каго і беларуская, і міжнародная дэмакратычная супольнасьць прызнала палітычнымі зьняволенымі, - Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Андрэй Кім і Аляксандар Зьдзьвіжкоў – страцілі шанцы на вызваленьне з-за кратаў? На гэтую тэму разважаюць вядомыя праваабаронцы – экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

Паводле словаў выканаўцы абавязкаў старшыні Беларускага Хэльсінскага камітэта Алега Гулака, вызваленьне Артура Фінькевіча, Зьміцера Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча й Юрыя Лявонава ёсьць станоўчым крокам з боку беларускіх уладаў.

-- Але мы вельмі спадзяемся, што справа на гэтым ня скончыцца, таму што і Казулін, і Клімаў застаюцца ў вязьніцы, і тут няма аніякага сумневу, што іх перасьлед мае палітычны характар, - адзначае Алег Гулак. – Крок беларускага кіраўніцтва па вызваленьні і гэтых асобаў быў бы вельмі станоўча ўспрыняты эўрапейскай і ўвогуле міжнароднай дэмакратычнай супольнасьцю, таму, яшчэ раз падкрэсьлю, мы спадзяемся на вызваленьне гэтых асобаў ужо найбліжэйшым часам.

-- Пасьля такіх выказваньняў эўрапейскія палітыкі яшчэ раз могуць пераканацца, што давяраць Аляксандру Лукашэнку нельга, - мяркуе былы сьледчы пракуратуры, правабаронца Алег Волчак.

Экспэрт падкрэсьліў, што ва ўсіх заявах міжнародных структураў называліся ня толькі імёны тых, каго ўжо вызвалілі ўлады – Дашкевіча, Фінькевіча, Аўтуховіча і Лявонава.

-- Гаворка вялася пра ўсіх! І пра Зьдзьвіжкова, і Казулін з Клімавым былі ў сьпісе, і, натуральна, Андрэй Кім, -- адзначыў юрыст.

Алег Воўчак упэўнены, што так званы гандаль палітвязьнямі яшчэ ня скончыўся.

-- Лукашэнка выканаў 50 адсоткаў патрабаваньняў па вызваленьні “палітычных”, цяпер ён чакае нейкіх зрухаў з боку Захада, але, наколькі я ведаю, і пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу, і пазыцыя Злучаных Штатаў Амэрыкі – вызваленьне абсалютна ўсіх палітзьняволеных, калі ж гэтага не адбудзецца, то санкцыі, па меншай меры з боку ЗША, будуць працягнутыя, -- сьцьвярджае Алег Волчак. -- Я думаю, што ўсё ж можна чакаць вызваленьня і астатніх вязьняў бліжэйшым часам.

Пры гэтым экспэрт “Заўтра тваёй краіны” заўважыў, што сама па сабе судовая сыстэма ў Беларусі нічога не вырашае, і ўсё залежыць толькі ад жаданьня “аднаго чалавека” і ад таго, які крок ён зробіць наступным.

-- Мне падаецца, што ўлады ня хочуць проста так адпускаць застаўшыхся вязьняў, таму што і спадар Казулін, і спадар Клімаў стаяць на асаблівым уліку ў Лукашэнкі, -- мяркуе віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

Тым ня менш, на ягоную думку, спадзяваньні і на іх вызваленьне ёсьць, бо працэс пайшоў, і ад таго, у якім фармаце, як будуць праходзіць мяркуемыя перамовы, залежыць, будуць гэтыя людзі на свабодзе ці не.

-- Мне вельмі хацелася б, каб мы не забывалі і трох чалавек, якія былі пакараныя іншым чынам, і да гэтага сьпісу яшчэ дадавалі моладзевага актывіста з Гомеля Зьміцера Жалезьнічэнку, пакаранага незаконным прызывам у войска; зьвінавачанага ў зьнявазе гонару прэзыдэнта Лукашэнкі Аляксандра Крутога зь Нясьвіжа, які вось ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары і якому суд вырок лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі, хаця ніякіх падставаў для тагога рашэньня не было; і тое ж тычыцца Ўладзімера Мысьнікава, які быў абвінавачаны ў зьнявазе службовае асобы ў Віцебску й праз гэта трапіў у браслаўскую псыхлякарню, -- падкрэсьліў правабаронца.

  • Оцени статью: