Як зацікавіць беларусаў гісторыяй роднага краю

Сівая даўніна і ліхія дзвяностыя гады, вялікая палітыка ў сталіцы і правінцыйныя будні: усё гэта — наша гісторыя. Шмат для каго ўжо забытая.

Падчас фестывалю нефармальнай адукацыі эксперты  выказалі шэраг ідэяў, які дапамогуць абудзіць у сучаснікаў памяць пра падзеі далёкага і нядаўняга мінулага, а таксама захаваць спрадвечныя традыцыі беларусаў. 

Міфы пра ліхія дзевяностыя  

Калі казаць аб гісторыі больш блізкай да нашага часу, то варта ўзгадаць пра праект 90s.by — 100 артыкулаў прысвечаных гісторыі 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Падрыхтоўка дзяржаўнага герба Беларусі «Пагоня» да ўстаноўкі на будынку ВС РБ. Фота з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Крыніца: 90s.by

– Гэта таксама праект аб гісторыі памяці, але памяці больш нам блізкай, – распавядае каардынатар праекта Яся Каралевіч-Картэль. – Мы прызвычаіліся, што гісторыя сучаснасці гэта падзеі вакол Другой сусветнай вайны. І для нашага праекта было важным паказаць, што падзеі, якія адбываліся на нашай памяці таксама важны кавалак гісторыі.

На думку спецыяліста, гісторыя 90-х вельмі міфалагізаваная тэма. Больш таго, міфалагізаваная з розных бакоў: у падручніках усе падзеі 90-х тычацца развалу Савецкага саюза і выбараў прэзідэнта, а ва ўспамінах людзі настальгіруюць па тых часах.

Аўтары праекта падкрэсліваюць, что 90-я – перыяд драйву і развіцця: новая дзяржаўнасць толькі ўзнікала, ішла палітычная барацьба, хуткімі тэмпамі развівалася культура, з’яўляліся новыя СМІ, урэшце рэшт, адраджалася беларуская нацыя: еўрапейская і свабодная.

– Сярод стваральнікаў гэтага праекта журналісты і спецыялісты па камунікацыі. Таму мы вельмі добра ведаем, якім чынам пэўныя тэмы могуць быць цікавымі для моладзі, – падкрэслівае Яся Каралевіч-Картэль. – Мы разумеем, як зрабіць тэкст прывабным.

Цікава яшчэ і тое, што кожны беларус можа паўдзельнічаць у фіксаванні гісторыі і дадаць сваё меркаванне ў раздзел «Твае падзеі».

Даць гісторыі голас і твар!

З такім заклікам ствараўся праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі», які фіксуе гісторыю ва ўспамінах сведкаў часу і дапамагае захаваць  памяць пра найноўшы перыяд гісторыі, у тым ліку па маладаследаваных тэмах.

 – У традыцыйных школьных падручніках чалавек фактычна адсутнічае, адсутнічае асабістае бачанне падзей, – тлумачыць значэнне праекта яго кіраўнік Ірына Кашталян. – Таму афіцыйным падручнікам складана зацікавіць дзяцей і моладзь.

На думку гісторыка, менавіта асабістыя успаміны дапаўняюць карцінку, узбагачаюць яе і робяць падзеі з гісторыі больш цікавымі, асабліва для маладзёнаў.

Акрамя адукацыйных магчымасцяў, праект ставіць перад сабой даследчыя мэты. На думку яго аўтараў, архіў будзе спрыяць пераасэнсаванню савецкага перыяда гісторыі Беларусі, а таксама развіццю новых міждысцыплінарных даследаванняў.

Абудзіць памяць правінцыі

Гістарыя Беларусі ствараецца не толькі ў сталіцы. Праект «Жывая гісторыя майго краю» імкнецца гэта падцвердзіць.

– Мы ведаем, што ў вайну было знішчана шмат вёсак, – распавядае пра сутнасць праекта яго кіраўнік Марына Малініна. – Але вёскі гінуць і ў мірны час.

Мэта гэтага праекта – захаваць гісторыі вёсак і мястачак пры дапамозе выкарыстання элементаў мясцовай культуры, гісторыі і падрымкі мясцовых гісторыка-культурных ініцыятыў.

З верасня 2012 года пры дапамозе валанцёраў атрымалася рэалізаваць 18 такіх міні-праектаў і захаваць  звесткі, якія ўжо ў хуткім часе пры іншых абставінах былі б страчаны назаўжды.

Так, напрыклад, у вёсцы Стойлы Пружанскага раёна застаўся зімаваць толькі адзін жыхар: Мікалай Тарасюк. Але гэта як раз той выпадак, калі адзін чалавек стварае гісторыю, бо Мікалай – народны майстра. Ён вырабляе ўнікальныя фігуркі беларусаў у розных абставінах: у буднія дні, на святах, падчас выбараў.  У яго нават ёсць уласны музей «Успаміны Бацькаўшчыны».

Дарэчы, падчас праекта валанцёры дапамаглі майстру навесці парадак у музеі. Таксама была дасканала даследаваная гісторыя вёскі, створана яе карта і распрацаваны маршрут для турыстаў.

Гісторыкі ўпэўнены: з дапамогай такіх грамадскіх праектаў можна захаваць унікальныя беларускія гісторыі і традыцыі, а таксама заахвоціць людзей да вывучаэння свайго краю.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 9
  • "ПРОТИВ" : 0