Адкуль бяруцца дзеці, альбо Вялікія пытанні да «Вялікай сям’і»

Людзі пачынаюць думаць штампамі, якія прапануе дзяржава: трое дзяцей - гэта шмат, іх нараджаюць збольшага тыя, хто хоча атрымаць дармавое жытло ці іншыя палёгкі

Гэты тэкст - своеасаблівы маніфест наконт новай дзяржаўнай праграмы «Вялікая сям’я», абрысы якой з’явіліся ў сродках масавай інфармацыі. Нагадаю: гаворка ідзе пра тое, што сям’я пасля нараджэння трэцяга і наступных дзяцей будзе атрымліваць на дэпазіт 10 тысяч долараў, якія штогод будуць індэксавацца на амерыканскую інфляцыю. Скарыстаць гэтыя грошы сям’я зможа, толькі калі дзецям споўніцца 18 год і толькі на пэўныя мэты. Увесь гэты час грашыма будзе распараджацца Банк развіцця, які ствараўся, каб абслугоўваць дзяржаўныя праграмы. Такім чынам…

Па-першае, дзяцей нараджаюць не дзеля грошай. Ні першага, ні другога, ні трэцяга, ні пятага. Калі сям’я нараджае дзіця дзеля таго, каб атрымаць кватэру (хоць я ніводнай такой ня ведаю), ці гатовае грамадства - а менавіта яго грошы выдаткоўваюцца на сацыяльную дапамогу - плаціць ёй дадатковыя грошы? Чаму б дзяржаве проста не спрасціць доступ на будаўнічы рынак, каб канкурэнцыя зменшыла кошт жылля? Чаму не дабіцца, нарэшце, нармальнай інфляцыі ў 2%, а не 20% за год? Бо тады б звычайная сям’я магла дазволіць сабе купіць жыллё па рынкавых цэнах, узяўшы крэдыт пад рынкавыя адсоткавыя стаўкі ў 3 - 4% гадавых, як у суседніх краінах Еўрасаюзу.

Па-другое, сам выраз «шматдзетная сям’я» пра сем’і з трох дзяцей яшчэ паўстагоддзі таму выглядаў як нонсэнс. Калі ў нас нарадзілася другое дзіцё, я нярэдка чуў «сяброўскія» кпіны - во, шматдзетны бацька! А калі б трэцяе, то дакладна ведаю, што кпіны былі б кшталту «што, кватэру атрымаць хочаш?» Людзі пачынаюць думаць штампамі, якія прапануе дзяржава: трое дзяцей - гэта шмат, іх нараджаюць збольшага тыя, хто хоча атрымаць дармавое жытло ці іншыя палёгкі. Чаму не назваць сем’і 3+ «нармальная сям’я», а іншыя, скажам, «маладзетная» ці «нядзетная»? Пагадзецеся, зусім іншая карціна атрымліваецца.

Па-трэцяе, перш чым адважыцца на нараджэнне дзіцяці, бацькі нярэдка хочуць забяспечыць пэўны ўзровень дабрабыту для сям’і і будучых дзяцей. Тое, што ім прапануюць (забраць дадатковы 1% падаходнага падатку зараз каб атрымаць міфічныя 14 тысяч долараў праз 18 год), не дадае аптымізму наконт будучыні. Больш за тое, уласна мяне не пакідае думка, што ўладам проста «вельмі грошы патрэбныя»: адна «звышдзяржава» ужо абяцала мне тысячу рублёў, калі мне споўніцца 18 - шкада, не дачакаўся, звышдзяржава ляснула! А гэта ўжо патыхае крызісам і не дадае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Нарэшце, чаму ізноў долараў?! Мы ж у Беларусі жывем, у нас тут нацыянальная валюта «беларускі рубель» называецца…

Па-чацвёртае, звычайна людзі нараджаюць дзяцей, калі яны ўпэўненыя ў іхняй будучыні. Калі мы гаворым пра свецкую дзяржаву, то ўпэўненасць у будучыні - гэта не тое, што дзіця ў 18 год атрымае 14 тысяч долараў, а тое, што ў 18 год яно ці пойдзе працаваць і заробіць гэтыя грошы, ці пойдзе вучыцца, каб зарабіць болей. Упэўненасць у тым, што твайму дзіцяці ў тваёй краіне будзе дзе працаваць і ягоная адукацыя будзе нечага вартая. Калі ў педуніверсітэт можна паступіць, выпадковым чынам адказаўшы на заданні тэстаў АДЭ, то пытанняў наконт якасці адукацыі паўстае нямала… Чаму, напрыклад, Банку развіцця не падтрымаць цяперашніх студэнтаў стыпендыямі ці крэдытамі на навучанне? Чаму дзяржаве не прызнаць факт існавання моладзевага беспрацоўя і не ўкласціся ў развіццё сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі?Чаму не пачаць рэформу сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, прыслухаўшыся да прадпрыемстваў, якія называюць праблему несупадзення ўзроўня кваліфікацыі работнікаў патрабаванням рынку як адну з асноўных перашкод для развіцця бізнесу ў Беларусі?

Вельмі шмат атрымліваецца «чаму», а замест іх нам кажуць: «Скіньцеся па адным адсотку ад вашых даходаў, а мы некаторым з вашых дзяцей, магчыма, праз 18 год аддамо трохі грошай». То бок замест таго, каб вырашаць сапраўдныя праблемы, нам кажуць: вам што, шкада грошай дзецям? Ну хто ж дзецям пашкадуе… Аддамо адзін працэнт «крызісных» дзяржаве, а самі будзем ашчаджаць, каб дзеці крызісу не адчулі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 5