Якія сімвалы аб’яднаюць беларусаў?

Ці прынцыпова беларусам у якой краіне жыць — беларускія інтэлектуалы разважаюць пра нацыянальную свядомасць суайчыннікаў у межах выставы «Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае Княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах».

Калі б перад Беларуссю паўстала пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці, то толькі 14,2 % нашых суайчыннікаў спрабавалі б змагацца з такім становішчам. 47,7 % кажуць, што прыстасаваліся б да новай сітуацыі, а 16,5% увогуле за тэрытарыяльныя змены. Такія дадзеныя паказала даследванне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў. Чаму большасці беларусаў усё роўна, як будзе называцца іх краіна?

«І тады замежнік кажа, а што гэта за краіна такая»

Калі гаворка ідзе пра адукаванага, сумленнага беларуса, то шмат ад якіх пытанняў замежніка ён проста губляецца, лічыць багаслоў і культуролаг Ірына Дубянецкая:

– Па-першае , назва Беларусі для многіх не гучыць. Як правільна сказаць? Вайтраша? Вайсрусланд? Вітрусланд?.. Невядома.

Добра, тады пытанне пра межы Беларусі. Дзе яны? І беларус адкажа, што межы сучаснай Беларусі насамрэч не зусім супадаюць з межамі краіны. Беларусь – да Пскова, але гэта цяпер Расія, да Смаленска і Бранска, але гэта цяпер Расія, да ракі Сноў, якая цяпер Украіна, да Беластока, які цяпер Польшча, амаль да Трокаў, а гэта цяпер Літва.

Тады замежнік пытаецца, а якая ў вас сімволіка? Зноў сумленны беларус у тупіку: нашая сімволіка гэта вельмі даўні герб «Пагоня», але цяпер гэта герб іншай дзяржавы і бел-чырвона-белы сцяг, але цяпер ужываецца іншы, які быў прыняты за Саветамі.

Затым ідзе пытанне пра сталіцу. Наша сталіца – Мінск, але насамрэч ён называецца Менск, але насамрэч нашая старая сталіца Вільня, але цяпер гэта сталіца іншай дзяржавы.

А якая ў вас мова? Беларуская, але беларусы на ёй практычна не гавораць, а гавораць на мове суседняй дзяржавы.

І тады замежнік кажа, а што гэта за краіна такая…

Як падкрэслівае Ірына Дубянецкая, наўрад ці можна ўявіць, каб у такой сітуацыі апынулася якая-небудзь іншая краіна: невядома, дзе сапраўдныя абрысы Беларусі і як іх вызначыць.

Чым небяспечны цмок?

Насамрэч некаторыя сімвалы беларус можа пералічыць, не задумваючыся – зубр, бусел, дранікі... У прынцыпе ўсё.

– У нас багата страчаных вобразаў, якія вядомыя толькі у вузкіх колах, – лічыць гісторык Алесь Белы.

Па словах эксперта, нядаўна з’явілася тэндэнцыя – прыдумляць сабе сімвалы.

— Напрыклад, беларусы не ведаюць, што такое калдуны і старка, а называюць крамбамбулю і медавуху, хаця насамрэч да нацыянальных напояў яны не маюць дачынення. А гэтая гісторыя з цмокам беларускім? 20-гадовыя вырашылі, што зубр і бусел ужо не модныя, і прыдумалі вобраз цмока, бо ён, на іх думку, больш прышпільны, — гаворыць Алесь Белы.

Гэткая творчасць, на думку гісторыка, вельмі небяспечная. Культура страчвае не толькі рэспектабельнасць, але і ўстойлівасць.

– Мне падаецца, калі мы імкнемся да ўстойлівага развіцця беларускай культуры і хочам, каб краіна была пазнавальная, трэба дэталёва і скурпулёзна вывучаць і запускаць вобразы картаграфічныя, — лічыць эксперт.

Беларусы не ведаюць саміх сябе

– Мы не расейцы, мы іншыя, а чым іншыя, ну... чым расейцы. Мы жывем нібыта да нас ніхто не жыў. Гэта праблема – жыць без сваіх жа каранёў, жыць наноў. Прызнаць пакаленне сваіх дзядоў – першым пакаленнем на Зямлі, — адзначае Ірына Дубянецкая.

На яе думку, гэта звязана з гістарычнымі калізіямі, якія прачысцілі нас такім чынам, што захавалася ў Беларусі хутчэй сялянская свядомасць, калі не задумваешся над пытаннямі, дзе ў Сусвеце жыве Беларусь, таму што для сялянскай свядомасці тут – гэта цэнтр свету.

Як варыянт вывучэння гісторыі паэт і філосаф Ігар Бабкоў прапануе зрабіць інтэрактыўную мапу Беларусі, максімальна насычаючы гэтую прастору сімваламі.

Па ўяленні эксперта, у такім праекце беларускай сапраўднай мапы можна зрабіць, каб кожнае месца адкрывалася ўглыб і распавядала пра сябе і такім чынам можна аднавіць усю традыцыю.

– Да прыкладу, мы ў Свержы былі, і ўсе там ведаюць мелавую гару, на якой сядзелі Колас і Купала на пачатку ХХ стагоддзя. Гэтае месца існуе дасюль, і можна залезці і пасядзець. Гэта можа быць сапраўды цікавым праектам, — лічыць Ігар Бабкоў.

Мапа – адзіны легальны сімвал Беларусі

Эксперты ў адзін голас гавораць, што для нашай краіны мапа ВКЛ – ледзьве не адзіны магчымы сімвал.

– Пагоню – рызыкоўна. Князёў не ўсе ведаюць, – разважае дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў. – Для нас мапа ВКЛ – адзін з нашых сімвалаў.

Але, на жаль, пакуль што ў Беларусі гістарычная картаграфія, на думку многіх гісторыкаў, практычна не вывучаецца . І гэта вельмі небяспечна для Беларусі ў глабальным сэнсе, лічыць выдаўца Эдуард Куфцерын.

– Агульна ёсць комплекс уяўленняў пра гістарычныя артэфакты. Зараз палова людзей ва усходняй Украіне зусім не маюць паняцця, у якой краіне яны жывуць. Многія зараз жывуць у Данецкай Народнай Рэспубліцы – ДНР. Вось якое значэнне мае гістарычная картаграфія. Людзі ніяк не звязаныя з вобразамі, а гэта пытанне каранёў, гэта ментальнасць, — адзначае эксперт .

На ягоную думку, гістарычная картаграфія – гэта тыя чарапкі з раскопак, якія дазваляюць аднавіць рэальную карціну, а не займацца фальсіфікацыяй.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 8
  • "ПРОТИВ" : 0