«Руская бомба» ў Беларусі

Які патэнцыял ідэі «рускага сьвету» ў Беларусі? Пытаньне актуальнае, асабліва ў сьвятле драматычных падзеяў ва Ўкраіне — анэксіі Крыму і забурэньняў у Данбасе. Інсьпірацыю з боку Расеі ў гэтых падзеях адмаўляць не выпадае, але адпаведныя высілкі менавіта ў гэтых рэгіёнах Украіны мелі з пункту гледжаньня Крамля посьпех таму, што тут для іх існавала адпаведная грамадзка-палітычная глеба. Ці ёсьць такая глеба ў Беларусі?

Існуе меркаваньне, што А. Лукашэнка — галоўны праваднік расейскага ўплыву ў Беларусі і нават што Беларусь, найперш дзякуючы яму, дэ-факта Расея. У сваім дасьледаваньні я не палемізую з гэтым поглядам, які, аднак, падаецца занадта аднабаковым і спрошчаным, а вывучаю грамадзка-палітычную базу зусім іншага сцэнару, а менавіта крымскага і данбаскага — адмаўленьня дзяржаўнасьці Беларусі як такой, сэпарацыі часткі краіны на карысьць Расеі ці ўключэньня яе цалкам у склад РФ. Аляксандар Лукашэнка, пры ўсіх асаблівасьцях ягонай палітыкі, не прыхільнік такога сцэнару.

Ці хочуць беларусы ў Расею?

Стаўленьне беларусаў да Расеі — фэномэн шматплянавы. Цяжка вызначыць крытэр, пытаньне, адказ на якое адназначна дазволіў бы вымераць гэтае стаўленьне, а тым больш — гатоўнасьць паводзіць сябе як насельніцтва Крыму ці Данбасу.

Пры апытаньнях НІСЭПД на пытаньне, да каго вы культурна бліжэй — да рускіх альбо да эўрапейцаў, 68–75% у апошнія гады адказвалі — «да рускіх», 20–30% — «да эўрапейцаў». У адказах, якія вымяраюць сацыяльную дыстанцыю — «Прадстаўнікоў якіх этнасаў вы гатовыя мець у якасьці нявестак/зяцёў, суседзяў, калегаў, жыхароў аднаго гораду, жыхароў адной краіны?» — рускія таксама аказваюцца найбліжэйшым этнасам для жыхароў Беларусі. З улікам таго, што рускія складаюць усяго 8% гэтага насельніцтва, атрымліваецца, што рускія — бліжэйшы этнас у чалавечым, гуманітарным пляне і для этнічных беларусаў.

Аднак гэтая культурная і этнічная блізкасьць не азначае, што беларусы пагалоўна гатовыя да інтэграцыі з краінай, населенай блізкім да іх этнасам.

Дынаміка адказаў на пытаньне: «Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз, што б вы выбралі?» (НІСЭПД), %

Суадносіны паміж прыхільнікамі эўрапейскага і расейскага вэктараў часам рэзка мяняюцца. Пачатак нармалізацыі стасункаў паміж Беларусьсю і ЭЗ у 2008 годзе, зьніжэньне антызаходняга градусу дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі прывялі да росту колькасьці прыхільнікаў эўраінтэграцыі. Праэўрапейскі ж Майдан 2013–2014 гадоў, тое, як падзеі ва Ўкраіне падаваліся расейскімі і беларускімі дзяржаўнымі мэдыямі, — гэта напалохала частку беларусаў і схіліла ківач геапалітычнага выбару ў бок Расеі. Але калі паглядзець на вынікі апытаньняў у дынаміцы, то можна адзначыць наяўнасьць балянсу паміж прыхільнікамі інтэграцыі з Расеяй і Эўропай. Пры гэтым прыхільнасьць да аб’яднаньня з Расеяй зусім ня тоесная імкненьню да паглынаньня Беларусі Расеяй, да зьліцьця дзьвюх краінаў у адну дзяржаву. У адказах на пытаньне, у якім такое зьліцьцё выступала адною з опцыяў, колькасьць яе прыхільнікаў — амаль утрая меншая, чым прыхільнікаў аб’яднаньня.

Дынаміка адказаў на пытаньне: «Якому варыянту інтэграцыі Беларусі і Расеі вы б аддалі перавагу?», %

Адказы істотна залежаць ад фармулёўкі пытаньня. Варыянт «саюз з Расеяй» замест «аб’яднаньня» дае рост прыхільнікаў расейскага «вэктару» інтэграцыі. Аднак падчас драматычных падзеяў ва Ўкраіне рост прарасейскіх і зьніжэньне праэўрапейскіх настрояў фіксуецца незалежна ад пытаньня.

На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Беларусі, у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй? (лябараторыя «Новак»), %

Расея мінус Лукашэнка

Дасьледаваньні паказваюць, што Аляксандар Лукашэнка ў значнай ступені «адсарбуе» прарасейскія настроі: большая частка тых, хто выступае за інтэграцыю з Расеяй у той ці іншай форме, падтрымліваюць Лукашэнку і да пэўнай ступені перадаюць яму права будаваць адносіны з Масквой. Напрыклад, у апытаньні НІСЭПД у 2007 годзе з тых, хто выказваўся за паўнавартасную адзіную дзяржаву з Расеяй, давер да кіраўніка дзяржавы выказвалі 59% (недавер — 28%), у 2012 годзе сярод прыхільнікаў зьліцьця РБ і РФ у адну дзяржаву 55% давяралі Лукашэнку і 19% — не давяралі.

Аднак далёка ня ўсе, хто за Расею — за Лукашэнку. Дадзеныя сакавіцкага 2014 году апытаньня НІСЭПД паказваюць прыкладную «вагу» групаў рознага геапалітычнага выбару і рознага стаўленьня да кіраўніка дзяржавы.

Сувязь адказаў на пытаньні аб даверы прэзыдэнту і аб геапалітычным выбары, НІСЭПД, сакавік 2014, (адсоткі ад усёй выбаркі)

Ці давяраеце Вы прэзыдэнту?

Вы за аб'яднаньне Беларусі з РФ ці за ўступленьне ў ЭЗ?

За аб'яднаньне з РФ
За ўступленьне ў ЭЗ
Няма адказу/Цяжка адказаць
Давяраю
33
6
7
Не давяраю
16
23
5
НА/ ЦА
3
4
4

16% тых, хто не давярае Лукашэнку і адначасна выступае за аб’яднаньне з Расеяй, — гіпатэтычны патэнцыял «рускай партыі» ў Беларусі, патэнцыял палітычных зьменаў на карысьць Расеі, але насуперак дзейнаму кіраўніку дзяржавы, супраць яго.

Варта адзначыць, што гэтая група беларускага грамадзтва ня мае свайго палітычнага прадстаўніцтва. Прынамсі, падчас двух апошніх прэзыдэнцкіх выбараў яна была прадстаўленая вельмі адносна.

Геапалітычны выбар электаратаў кандыдатаў у прэзыдэнты ў 2006-2010 гадах, (НІСЭПД), %

За каго Вы галасавалі на выбарах 2006 году?

Варыянт адказу

Вы за аб'яднаньне Беларусі з РФ ці за ўступленьне ў ЭЗ?

За аб'яднаньне з РФ
За ўступленьне ў ЭЗ
Няма адказу/Цяжка адказаць
За А. Казуліна
36
55
9
За А. Мілінкевіча
16
75
9
За А.Лукашэнку
75
13
12

За каго Вы галасавалі на выбарах 2010 году?

Варыянт адказу

Вы за аб'яднаньне Беларусі з РФ ці за ўступленьне ў ЭЗ?

За аб'яднаньне з РФ
За ўступленьне ў ЭЗ
Няма адказу/Цяжка адказаць
За Ў. Някляева
18
71
11
За А. Саньнікава
18
62
20
За альтернатыву**
22
65
13
За А. Лукашэнку
52
20
28

* табліца чытаецца па гарызанталі

** аб'яднаны электарат усіх кандыдатаў, акрамя А. Лукашэнкі

Іншымі словамі, на прэзыдэнцкіх выбарах былі прадстаўленыя А.Лукашэнка і праэўрапейская альтэрнатыва яму. Некаторыя публіцысты і палітыкі трактавалі асобных апазыцыйных кандыдатаў як ледзьве не «агентаў Масквы», аднак выбарцы гэтаму не далі веры — сярод тых, хто галасаваў за альтэрнатыву, пераважная частка прытрымлівалася эўрапейскага геапалітычнага выбару. Між тым група з палітычнымі ўстаноўкамі «Расея мінус Лукашэнка» мае даволі ўстойлівую і немалую колькасьць.

Дынаміка аб’ёму групы тых, хто не давярае прэзыдэнту і адначасна выступае за аб’яднаньне з Расеяй (НІСЭПД), %

Хто жа тыя беларусы, якія не давяраюць А.Лукашэнку і выступаюць за аб'яднаньне з Расеяй? Для групы «Расея мінус Лукашэнка» характэрны сярэдні ўзрост, у ёй найбольшая доля рускамоўных. Сярод тых, хто не давярае дзейнаму кіраўніку дзяржавы і выступае за аб’яднаньне з Расеяй, прыкметна вышэйшая, чым у сярэднім, доля працаўнікоў прыватных прадпрыемстваў і менчукоў. У рэгіянальным разрэзе гэтая група найбольш прадстаўленая ў сталіцы і ў Віцебскай вобласьці. У групе «Расея мінус Лукашэнка» гатоўнасьць заўзець за спартовую каманду Беларусі ніжэйшая за сярэднюю, аднак гатоўнасьць заўзець за каманду Расеі — на сярэднім узроўні.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў гэтай групе нізкі (ніжэйшы за сярэдні) давер ня толькі да афіцыйных інстытутаў (ураду, дзяржаўных СМІ), але і да апазыцыі і недзяржаўных СМІ. Чальцы групы «Расея плюс Лукашэнка» давяраюць дзяржаўным інстытутам, іх люстраныя апанэнты з групы «Эўразьвяз мінус Лукашэнка» давяраюць недзяржаўным інстытутам і не давяраюць дзяржаўным. Даверам групы «Расея мінус Лукашэнка» не карыстаецца асабліва ніхто.

Што да электаральных густаў, то, з аднаго боку, у групе «Расея мінус Лукашэнка» доля гатовых галасаваць за У. Някляева амаль такая ж, як у іншай апазыцыйнай групе — «Эўразьвяз мінус Лукашэнка». Але, з другога боку, у групе «Расея мінус Лукашэнка» самая высокая доля тых, хто ня вызначыўся.

Нарэшце, пры адказах на «аднабаковае» пытаньне пра аб’яднаньне з Расеяй (калі гэта не прадстаўляецца як альтэрнатыва эўраінтэграцыі) толькі палова з гэтай групы выказваецца «за».

Такім чынам, тыя, хто не давярае А.Лукашэнку і пры гэтым выступае за аб’яднаньне з Расеяй — гэта група сацыяльна актыўных грамадзянаў, сярод іх высокая доля людзей узросту ад 30 да 59 гадоў, менчукоў і працаўнікоў прыватных прадпрыемстваў, для гэтай групы ўласьцівае пэўнае адчужэньне ад існай у Беларусі грамадзка-палітычнай сыстэмы, што праяўляецца ў нізкім даверы да грамадзка-палітычных і грамадзянскіх інстытутаў, у высокай долі нявызначаных з электаральным выбарам, у нізкім адсотку заўзятараў спартовай каманды Беларусі. Разам з тым гэтыя адрозьненьні ня вельмі значныя. Вельмі паказальны несфакусаваны характар геапалітычнага выбару ўнутры гэтай групы: нязначная зьмена пытаньня пра інтэграцыю з Расеяй зьмяншае колькасьць прыхільнікаў такой інтэграцыі ўдвая.

Мова і этнічнасьць у люстры перапісу

Вышэй было паказана, што найбольшая канцэнтрацыя чальцоў групы «Расея мінус Лукашэнка» назіраецца ў сталіцы, у вялікіх гарадах і ў Віцебскай вобласьці. З гэтымі вынікамі часткова карэспандуюць дадзеныя перапісу 2009 году пра долі людзей з рускай мовай як роднай, рускамоўных і долі этнічных рускіх у рэгіянальным разрэзе.

Разьмеркаваньне па роднай мове, мове хатняга ўжываньня і долі рускіх у разрэзе гарадзкога і вясковага насельніцтва рэгіёнаў Беларусі паводле перапісу 2009 году, %*

  Усе апытаныя Давяраюць прэзыдэнту + за ўступленьне ў РФ Давяраюць прэзыдэнту + за ўступленьне ў ЭЗ Не давяраюць прэзыдэнту + за ўступленьне ў ЭЗ Не давяраюць прэзыдэнту +за аб'яднаньне з РФ
Узрост
18-29 23 12 28 37 24
30-59 54 43 53 56 68
60 і больш 23 45 19 7 7
Пераважная мова штодзённай камунікацыі
Беларуская 6 8 13 5 3
Руская  62 55 62 66 75
І беларуская, і руская   12 12 13 14 8
Зьмяшаная ("трасянка") 20 25 11 13 15
Статус
Наёмны працаўнік на прыватным прадпр.  16 8 7 24 31

Наёмны працаўнік на дзяржпрадпр.

33 27 38 36 34

Пэнсіянэр

26 48 24 7 10
Месца пражываньня
Сталіца 19 17 7 26 34
Абласны цэнтар 19 19 26 15 16
Вялікі горад 19 18 13 17 26
Малы горад 17 17 24 18 10
Вёска 26 29 30 23 14
Рэгіён
Менск 19 17 7 26 34
Менская вобласьць (бязь Менску) 15 11 13 24 14
Берасьцейская вобласьць 14 16 7 13 14
Гарадзенская вобласьць 11 15 17 7 6
Віцебская вобласьць 13 7 10 15 17

Магілёўская вобласьць

12 15 16 7 4

Гомельская вобласьць

15 19 31 8 12
Калі ў Вашым горадзе (раёне) адбудуцца акцыі супраць пагаршэньня эканамічнага становішча, ці гатовы Вы ўзяць у іх удзел?
Так 23 8 30 47 20
Не 68 88 63 40 73
Ці заўзееце Вы спартовыя каманды якіх-небудзь краінаў?
За каманду Беларусі 47 52 40 48 40
За каманду Расеі 20 24 23 12 21
Давер дзяржаўным і грамадзка-палітычным і грамадзкім інстытутам
Урад 33 71 59 2 1
Недзяржаўныя СМІ 32 24 52 47 29
Дзяржаўныя СМІ 35 68 53 6 4
Апазыцыйныя палітычныя партыі 15 9 21 30 10
Ці лічыце Вы сябе апазыцыяй існай уладзе?
Так 17 2 4 47 21
Не 74 93 89 44 67
Калі б заўтра адбыліся выбары прэзыдэнта Беларусі, за каго б Вы прагаласавалі?
За А. Лукашенку 40 80 56 5 8
За Ў. Някляева 7 0 2 16 14
За М. Статкевіча 4 1 3 8 6
За А. Лябедзьку 2 1 1 6 3
За А. Мілінкевіча 2 1 0 4 3
Іншы палітык (разам) 10 4 12 19 12
Іншы адказ/НА/ЦА 35 13 27 43 54
Калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум аб аб'яднаньні Беларусі і Расеі, як бы Вы прагаласавалі?
За аб'яднаньне 29 48 27 10 48
Супраць аб'яднаньня 48 35 55 75 23

* табліца чытаецца па гарызанталі

Крыніца: Белстат, дадзеныя перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году

Варта адзначыць істотныя адрозьненьні ў парамэтрах, якія разглядаюцца, паміж гарадзкім і вясковым насельніцтвам: у гарадах істотна вышэйшы адсотак і тых, хто ўважае рускую мову за родную, і тых, для каго яна — мова побытавых зносінаў, і доля рускіх вышэйшая. Але адрозьненьні моўных паводзінаў і ўстановак пры гэтым не прапарцыйныя адрозьненьням у долях рускіх сярод гарадзкога і вясковага насельніцтва: долі рускіх адрозьніваюцца прыблізна на 4 адсоткавыя пункты, а парамэтры моўных паводзінаў адрозьніваюцца на дзясяткі адсоткавых пунктаў і даюць фактычна люстрана адваротны малюнак: гарады гавораць пераважна па-руску, вёска — па-беларуску.

Што тычыцца адрозьненьняў паміж рэгіёнамі, то яны нязначныя паводле долі рускіх, якая вагаецца паміж 6 і 10 адсоткамі. Паводле моўных паводзінаў найменш «рускія» — Гарадзенская і Менская вобласьці, найбольш — Віцебская вобласьць і Менск. Гэта адпавядае дадзеным НІСЭПД, якія былі прыведзеныя вышэй.

Беларусь і Ўкраіна: падабенства і адрозьненьні

Беларускае насельніцтва значна больш аднароднае ў сэнсе этнічнасьці і моўных паводзінаў, у тым ліку і ў разрэзе рэгіёнаў, чым насельніцтва Ўкраіны. Паводле перапісу насельніцтва Ўкраіны 2001 году, доля рускага насельніцтва складала ў Крыме 58%, у Данбасе — 38% пры сярэдняй долі па Ўкраіне 17%. Рускую мову на перапісе 2001 году назвалі роднай 77% у Крыме, 75% — у Данецкай вобласьці, 69% — у Луганскай, а ў цэлым па Ўкраіне роднай мовай рускую назвалі 30%.

Патэнцыйная база «рускай партыі» ў Беларусі значна менш сфакусаваная і геаграфічна лякалізаваная. Большая прадстаўленасьць групы «Расея мінус Лукашэнка» ў сталіцы скампэнсаваная шырэйшай, чым у сярэднім па краіне, прадстаўленасьцю ў ёй і праэўрапейскіх колаў.

Цікава параўнаць дадзеныя па Беларусі і яе рэгіёнах з дадзенымі апытаньня, якое правёў 10–15 красавіка сёлета на ўсходзе Ўкраіны Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі. Паводле гэтага апытаньня, Данецкая і Луганская вобласьці істотна адрозьніваліся паводле ляяльнасьці да ўкраінскай дзяржаўнасьці нават ад іншых рэгіёнаў украінскага Ўсходу — Запарожжа, Мікалаеўшчыны, Харкаўшчыны, Хэрсоншчыны, Днепрапятроўшчыны і Адэскай вобласьці.

Але пры гэтым прарасейскія інтэнцыі Данбасу былі, у прынцыпе, сувымерныя зь беларускімі. У гэтых рэгіёнах 70% былі супраць адыходу Крыму да Расеі, а праблемы фэдэралізацыі Ўкраіны і ўвядзеньня рускай як другой дзяржаўнай мовы займалі адно з апошніх месцаў у сьпісе найбольш балючых і актуальных праблемаў. За аб’яднаньне Ўкраіны і Расеі ў адну дзяржаву выступалі 12% у Данецкай вобласьці і 16% — у Луганскай. Нават на пытаньне «Вы падтрымліваеце або не падтрымліваеце меркаваньне, што вашай вобласьці варта аддзяліцца ад Украіны і далучыцца да Расеі?» адказвалі «так» і «хутчэй так» 28% на Данеччыне і 30% — на Луганшчыне.

Аднак гэтага было дастаткова, каб прарасейскія апалчэнцы знайшлі больш-менш масавую падтрымку і стварылі Кіеву складаную ваенна-палітычную праблему, чаго не адбылося ў іншых рэгіёнах усходняй Украіны. Выглядае, што ці не галоўнай прычынай гэтага сталі ня столькі прарасейскія інтэнцыі жыхароў Данбасу, колькі іхні скрайні недавер да рэвалюцыйнай кіеўскай улады: у красавіку сёлета прэм’ера Арсенія Яцанюка і выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Аляксандра Турчынава лічылі нелегітымнымі адпаведна 72% і 74% жыхароў Данецкай вобласьці, 72% і 70% — Луганскай (у сярэднім па 8 абласьцях усходняй Украіны — 51% і 50% адпаведна).

Праецыруючы гэтыя дадзеныя на Беларусь, можна спрагназаваць, што пры наяўнасьці ў краіне легітымнай улады, прызнанай большасьцю насельніцтва, «руская вясна» ў крымскім ці данбаскім стылі ўяўляецца малаімавернай: група насельніцтва, якая можа стаць яго грамадзка-палітычнай базай, адносна вузкая, невялікая і гатоўнасьць яе да актыўных палітычных дзеяньняў.

Але ў выпадку страты веры ў легітымнасьць улады гэты сцэнар тэарэтычна можа стаць рэальнасьцю. Пэўная масавая база для яго ёсьць. Частка насельніцтва «Расея мінус Лукашэнка» да апошняга часу ня мела сваіх прадстаўнікоў у палітычным полі краіны, і ў крызіснай сытуацыі імі могуць стаць беларускія аналягі крымскіх Аксёнава і Канстанцінава, данбаскіх Губарава і Пушыліна і нават «рускага Чэ» Гіркіна-Стралкова. Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў, гіпатэтычны «ўдар рускіх багоў» найбольш імаверны ня толькі ў сумежнай з Расеяй Віцебшчыне, але і ў «сэрцы» краіны — у Менску. Прычым нават цяпер аналіз групы «Расея мінус Лукашэнка» паказвае, што гэта зусім не вясковыя старыя, чыё меркаваньне ў сілавым супрацьстаяньні ня мае значэньня — гэта пераважна асобы сярэдняга ўзросту, менчукі, жыхары вялікіх гарадоў. Кулакоў, здольных біць, і рук, здольных трымаць зброю, у іх дастаткова.

Пры гэтым, як было адзначана вышэй, цяпер А. Лукашэнка адсарбуе істотную частку прарасейскіх інтэнцыяў, накіроўваючы іх у палітычна канвэнцыйнае рэчышча, якое не пагражае, прынамсі, імгненнай стратай беларускай дзяржаўнасьці. У выпадку ж сыходу дзейнага кіраўніка дзяржавы ці страты ім легітымнасьці ва ўяўленьні беларусаў група «Расея плюс Лукашэнка», уся тая траціна насельніцтва, якая перадае яму цяпер паўнамоцтвы на ўладкаваньне стасункаў з Расеяй, будзе шукаць іншых рэпрэзэнтантаў. І наўрад ці гэта будзе праэўрапейская апазыцыя.

Аповесьць Васіля Быкава «Знак бяды» сканчаецца словамі: «А бомба чакала свайго часу». «Руская бомба» ў Беларусі чакае свайго часу. І ад мудрасьці беларускіх палітыкаў, як апазыцыйных, гэтак і праўладных, залежыць, каб гэты час ніколі не наступіў.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 3