Як пераўтварыць шэры панэльны Мінск у горад Сонца

Чаму ў Мінску браку добрага транспарту, закрытых дворыкаў і жыхароў, якія б ухвалялі пабудову бізнес-цэнтра побач з жытлом?

Гісторыя з брэндам Мінска прынесла нечаканую карысць: гараджане сур'ёзна задумаліся, якой яны бачаць сталіцу і якія ў іх запыты да прасторы, дзе жывуць.

Бурная дыскусія вакол брэнда паказала, як шмат прафесійных і сацыяльных суполак маюць свой погляд на беларускую сталіцу. Архітэктары, сацыёлагі, эколагі, мастакі, чыноўнікі, гарадскія актывісты – толькі павярхоўны пералік.

Найбольш актыўна сваю пазіцыю выказваюць архітэктары. Яны стварылі Мінскую ўрбаністычную платформу — камунікацыйную пляцоўку, якая мусіць аб’яднаць самых розных адмыслоўцаў у іх спробах асэнсаваць Мінск.

— Разам мы будзем фарміраваць пэўны публічны вобраз Мінска будучыні. Ёсць як бы тры існасці горада – Мінск цяперашні, Мінск «куды вада цячэ», то бок стыхійнае развіццё горада, і Мінск жадаемы, якім мы хочам яго бачыць, — распавядае адзін з ініцыятараў стварэння платформы архітэктар Дзмітрый Бібікаў.

Фота realt.by

На шляху Мінска ў будучыню паўстаюць сённяшнія праблемы.

Нават энтузіясты, якія займаюцца альтэрнатыўным планаваннем Мінска, незнаёмыя паміж сабой. Часта ў процідзеянні аказваюцца людзі, якія маглі б супрацоўнічаць.

— Традыцыйна архітэктар адчувае сябе чалавекам, які ведае, як трэба рабіць і забываецца на тое, што не бачыць вялікай часткі кантэксту. Ён прыходзіць і будуе дом, не задумваючыся, як той уздзейнічае на чатыры суседнія дамы. З іншага боку, жыхар, калі ён робіцца актывістам, адразу становіцца ў апазіцыю. Ён не думае, што можна супрацоўнічаць з архітэктарам і змяняць сітуацыю , — адзначае адзін з удзельнікаў платформы архітэктар Георгій Заборскі .

Гэта ж датычыцца ўзаемадзеянняў паміж гарадскімі актывістамі і чыноўнікамі, эколагамі і забудоўшчыкамі.

Шмат якіх адмыслоўцаў у Мінску проста няма. Альбо яны ніяк сябе не праяўляюць.

— Зараз якраз настаў момант, калі чыноўнікі кажуць, што гатовыя да супрацоўніцтва, і тут архітэктар разумее, што ў яго няма сацыёлага і няма транспартніка. Ён не ведае, як будзе выкарыстоўвацца, прыкладам, плошча, якая будуецца, — гэта ведае сацыёлаг — і як размясціць сцежкі для раварыстаў — гэта ведае транспартнік. Між тым, сацыёлагаў, якія глыбока займаюцца мінскім гарадскім жыццём, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Альбо яны знаходзяцца ў глыбокім падполлі, — гаворыць Дзмітрый Бібікаў.

Адчуванне, што ў горадзе ёсць праблемы, не дае дакладнага разумення, у чым іх карані.

— Яркі прыклад: незадаволенасць грамадскім транспартам. Можна сказаць, што ў Мінску транспарт «не вельмі» . Але калі паглядзець, колькі мы плоцім за яго, структуру падаткапаступленняў на яго, то робіцца зразумелым, што мінскі транспарт для таго, як ён фінансуецца, вельмі добры, — такі разбор праблемаў цяпер проста неабходны, адзначае Дзмітрый Бібікаў.

Базавай праблемай, якая патрабуе асэнсавання, ёсць жыццё спальных раёнаў Мінска. Сталічныя архітэктары ўжо дамовіліся паміж сабой, што неабходна пераходзіць ад панэльнай забудовы да квартальнай .

— Ва ўсім свеце зараз намагаюцца будаваць квартальнае жытло — з маленькімі закрытымі дварамі. Даказана, што і па прыбытках, і па якасці жыцця гэта рэчы вельмі блізкія. І квартальная забудова не даражэй за панэльную, — даводзіць Георгій Заборскі .

Аднак трэба ў тым жа, а таксама ў неабходнасці грамадскіх дыскусіяў і павелічэнні самакіравання раёнаў, пераканаць забудоўшчыкаў і чыноўнікаў. Палёгку ад гэтага атрымалі б не толькі жыхары, але і самі кіроўныя органы, лічыць Дзмітрый Бібікаў:

— Калі б жыхары ўдзельнічалі ў кіраванні хаця б сваім домам, яны з большым разуменнем ставіліся б і да такіх пытанняў, як падвышэнне тарыфаў, развіццё інфраструктуры раёна. Ведалі б, што будаўніцтва ў раёне бізнэс-цэнтра азначае не толькі тое, што будзе болей машын, але і тое, што паявяцца грошы, каб рабіць тратуары.

Пры гэтым такі праграмны дакумент, як Генплан Мінска ніяк не можа стаць кропкай зборкі: у ім проста не прапісваюцца механізмы, якім чынам на ўзроўні горада мусяць узаемадзейнічаць розныя яго ўплывовыя сілы. Ён не дае і «карцінкі» горада ў развіцці. План статычны, а таму малавыканальны. Мінская ўрбаністычная платформа ставіць сабе за мэту стварыць гэткую дынамічную карцінку – як мы бачым Мінск, чаго хочам ад яго ў будучыні і якім чынам можам дасягнуць, каб горад быў зручны для жыцця.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 6
  • "ПРОТИВ" : 0