Як доўга можна сядзець у кавярні з кубачкам гарбаты?

Ці ёсць у беларускіх установах грамадскага харчавання ліміт на гасціннасць, пасля заканчэння якога адміністрацыя мае права выгнаць надакучлівага кліента?

Выганяюць нявыгаднага госця

Напэўна, кожны з нас быў сведкам ці нават ахвярай хамства ў айчынных кавярнях, барах альбо рэстарацыях. Найчасцей абслугоўваючы персанал не цырымоніцца з небагатым наведнікам, які не замаўляе шыкоўны абед, а бавіць час за кубачкам гарбаты ці шклянкай вады. Такога кліента могуць папрасіць пакінуць установу. Былы повар ID-бара Андрэй Калесніковіч распавядае пра прычыну негасцінных паводзін афіцыянтаў.

— Прыбытак афіцыянта вельмі моцна залежыць ад «чаявых». Хоць у Мінску не прынята пакідаць вялікіх грошай у якасці падзякі. Часам гэта проста проста сімвалічная сума. А неяк аднаму з нашых афіцыянтаў пакінулі цыгарэту і прэзерватыў. І ўсё ж, чым хутчэйшая плынь кліентаў, тым больш шанцаў на добрыя «чаявыя». Таму афіцыянты непрыхільна ставяцца да наведнікаў, якія спачатку вельмі доўга выбіраюць сабе кубачак кавы, а потым некалькі гадзін сядзяць за сталом, — тлумачыць Андрэй Калесніковіч.

Ён падкрэслівае, што ў прыстойных установах больш цярплівае стаўленне да кліентаў, якія засядзеліся. Нават калі ля дзвярэй сабралася чарга.

У невялікім бары на праспекце Незалежнасці бармэн Марыя Лаўнік распавяла, што ні разу нікому там не казалі: «Прабачце, просім вас сыйсці». Хаця, канешне, калі чарга, то перапытаюць, ці не жадае госць яшчэ нечага. А калі пуста, то можна хоць паўдні сядзець за столикам з ноўтбукам. Папрасіць сыйсці могуць нецвярозых, якія паводзяць сябе неадэкватна.

Можна сядзець хоць да закрыцця

А што рабіць людзям, якіх спрабуюць выставіць за дзверы кавярні ці рэстарацыі адразу ж пасля заканчэння абеду альбо вячэры? Ці законна гэта?

Прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Спажывец» Аляксандр Харужы падкрэслівае, што ніякім дакументам не рэгламентаваны час знаходжання наведніка ва установе грамадскага харчавання.

— Ніхто не мае права ўсталёўваць ліміт часу для кліента кавярні ці рэстарцыі. Можна сядзець хоць да закрыцця. Не мае значэння, што сняданак, абед ці вячэра з’едзены. А раптам я захачу замовіць штосьці яшчэ? — адзначае эксперт.

Паводле беларускага занакадаўства, наведніка могуць папрасіць пакінуць установу грамадскага харчавання толькі ў выпадку парушэння ім грамадскага парадку ці ў сувязі з закрыццём (у кавярні ці рэстарацыі — за 30 хвілін, у іншыя месцы — за 15 хвілін). Кліента маюць права не пусціць, напрыклад, у кавярню, калі яна зачыненая на спецабслугоўванне, альбо ўсе столікі замоўленыя. У астатніх выпадках заканадаўства на баку спажыўца.

Таму, калі афіцыянт альбо прадстаўнік адміністрацыі прыспешвае вас пакінуць кавярню, смела патрабуйце кнігу скаргаў і прапановаў (абавязаныя даць па першым запыце). Адказ на запіс павінны даць на працягу 15 дзён. Штраф за адмову даць кнігу – ад 4 да 10 базавых. Каб зафіксаваць факт адмовы даць кнігу скаргаў, варта выклікаць міліцыю для складання пратакола. Скаргу на адмову можна падаць, напрыклад, у адміністрацыю раёна, на тэрыторыі якога месціцца ўстанова грамадскага харчавання. Таксама можна звярнуцца па дапамогу ў таварыства абароны правоў спажыўцоў.

Па словах Аляксандра Харужага, для абароны сваіх правоў спажывец мусіць звяртацца ў суд. Але спадзявацца, што суд цалкам задаволіць скаргу не варта. Шмат хто з суддзяў лічыць, што спажыўцы звяртаюцца не столькі для аднаўлення парушэных правоў, колькі для заробку. Таму звычайна выплачваецца кампенсацыя ў памеры 50-200 тысяч рублёў.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 4.3