Найлепшыя кнігі 2013 паводле версіі «Нашай Нівы»

Найлепшай кнігай, на думку экспертаў «НН», стаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна», які ўклала Наталля Давыдзенка.

— Гэта кніга пра мову, вакол мовы і з мовы сатканая, — так ахарактарызываў яе Уладзімір Някляеў.

Гэта, фактычна, дыялектычны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна — Ушаччыны. У кнігу ўключаны словы, прыказкі, пажаданні, якія не фіксуюць ці не заўжды фіксуюць навуковыя слоўнікі. Жывая мова канрэтнага рэгіёна часам далёкая ад літаратурнай.

Чаму гэта важна? Барадулін фіксуе мову такой, якой яна была ў дамедыйную эпоху. У тым выглядзе, у якім яна існавала тысячу гадоў. Мову, чыстую ад уплываў і запазычанняў апошняга стагоддзя.

Ёсць жа слоўнік мовы Янкі Купалы! Вось дачакаўся фактычна такога ж выдання і народны паэт Беларусі. Рыгор Барадулін запісваў мову сваёй радзімы 60 гадоў.

Дарэчы, трэцюю пазіцыю ў дзясятцы кніг-пераможцаў займае таксама кніга Барадуліна — выбраныя вершы. Гэтае выданне ўнікальнае тым, што ў ім няма ніводнага друкаванага слова: паэт напісаў яе ад рукі.

Эксперты назвалі амаль восем дзясяткаў кніг. Сярод іх пераважае мастацкая літаратура.

Сярод празаічных кніг найчасцей называлі трох аўтараў — Людмілу Рублеўскую, Барыса Пятровіча і Віктара Марціновіча. Год, на жаль, быў бедны на выданне кніг прозы, таму можна меркаваць, што гэтыя аўтары будуць як мінімум у шорт-лісце намінантаў на прэмію Гедройца.

Раман Віктара Марціновіча «Сфагнум» — адзіная ў дзясятцы перакладная кніга (з расійскай). «Сфагнум», у якім жорстка паказанае жыццё «пацаноў» з мінскага мікрараёна, выклікаў гарачае абмеркаванне. Палемікі ішлі сёлета і вакол кнігі «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч. А сама аўтарка мела шанец атрымаць Нобеля па літаратуры. Але ў рэйтынгі экспертаў «Час сэканд-хэнд» не трапіў. Магчыма — праз адсутнасць беларускага кантэксту.

У рэйтынг трапілі кнігі Віктара Казько і Уладзіміра Караткевіча, пісьменнікаў пакалення Барадуліна, якіх праходзяць у школьнай праграме. Сярод маладзейшых назвалі Адама Глобуса, Уладзіміра Някляева, Андрэя Хадановіча.

Дарэчы, леташняя кніга года па версіі «НН» («Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча) у 2013 вытрымала чарговае перавыданне. І заняла высокія пазіцыі ў новым рэйтынгу. Гэтае далёка не таннае выданне становіцца хітом продажаў у кнігарнях другі год запар. Добры паказчык якасці — галасаванне рублём.

Эксперты згадалі амаль тры дзясяткі выдавецтваў (пераважная большасць — прыватныя), але сярод іх толькі два знаходзяцца па-за сталіцай і яшчэ чатыры — у іншых краінах, адно — займаецца электроннымі кнігамі.

Лідарам па колькасці згаданых кніг сёлета стала дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сярод недзяржаўных — «Кнігазбор» і «Логвінаў» (апошняе, між іншым, сёлета пазбавілі ліцэнзіі).

Выніковы рэйтынг падаецца паводле падліку балаў па дзесяцібальнай шкале. За кожнае першае месца ў спісе налічваецца 10 балаў, за другое — 9 і г.д. У выпадках кнігарняў — па выніках продажаў.

Дзясятка найлепшых кніг 2013 года выглядае так:

1. Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна. — Мінск: Кнігазбор — 32 балы.

2. Зоська Верас. Я помню ўсё: Успаміны, лісты. — Уроцлаў: Kolegium Europy Wschodniej — 25.

3. Рыгор Барадулін. Лепей. Рукапісы 1952—2013. — Мінск: выдавец Ігар Віркоўскі — 24.

4. Уладзімір Арлоў, Зміцер Герасімовіч. Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя. — Браціслава: Kalligram — 23.

5. Віктар Марціновіч: Сфагнум. Раман / Пераклад з расійскай Віталя Рыжкова. — Мінск, Кнігазбор. — 20

6-7. Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія.

Вольга Лабачэўская, Зінаіда Зіміна. Белорусский народный костюм: крой, вышивка и декоративные швы. — Мінск: Беларуская навука — па 19.

8-10. Людміла Рублеўская. Ночы на Плябанскіх млынах. Раман, аповесці, апавяданні. — Мінск: Мастацкая літаратура.

Глеб Лабадзенка. Дзіцячая заМова. — Мінск: Паперус.

Генадзь Кісялёў. Смак беларушчыны. — Мінск: Лімарыус — па 16.

  • Оцени статью: