Эксперт: Адукацыя ў дзяржаўных ВНУ павінна быць цалкам бясплатнай

Бясплатная вышэйшая адукацыя, фінансаванне школ у залежнасці ад попыту на іх паслугі, вызваленне настаўнікаў ад бюракратыі — калі ў шмат якіх галінах эксперты Партыі БНФ у распрацаванай імі канцэпцыі рэформаў выступаюць за скарачэнне выдаткаў, у адукацыі — яны за істотнае павелічэнне.

— Адукацыя ў Беларусі знаходзіцца ў катастрафічным становішчы. Амаль траціна абітурыентаў сёлета не здолела атрымаць неабходны мінімум па аднаму з прадметаў на цэнтралізаваным тэставанні. Гэта сведчыць пра тое, што школьная сістэма адукацыі зруйнаваная. У апошнія гады яна не была ў прыярытэтах у дзяржавы, — адзначае старшыня Фронту Аляксей Янукевіч .

У сярэдняй адукацыі неабходна развіццё гімназій, ліцэяў — тых устаноў, якія ўжо на ўзроўні школы навучаюць па абраных накірунках, дзе можа выкарыстоўвацца значна большая варыятыўнасць праграм, дзе вучні і іх бацькі змогуць выбіраць профіль навучання.

Мы за тое, каб між сярэднімі школамі і гімназіямі была сапраўдная канкурэнцыя: бацькі павінны мець магчымасць самастойна выбіраць школу, ніякага адміністратыўна-тэрытарыяльнага дзялення не трэба наогул. Больш за тое — школы павінны атрымліваць фінансаванне ў залежнасці ад таго, колькі вучняў прыйдуць туды вучыцца. Такім чынам лепшыя школы змогуць атрымаць і лепшыя умовы.

— І гэта калі заробак у настаўнікаў, па дадзеных Мінадукацыі, у сярэднім падвысіўся на 3 адсоткі, а норма педагагічнай нагрузкі за стаўку ўзрасла з 18 да 20 гадзін у тыдзень?

— Нагрузка на настаўнікаў мусіць стаць меншай за кошт зняцця абавязкаў па ўпарадкаванню інфраструктуры — рамонту кабінетаў, іх абсталяванню, а таксама за кошт істотнага скарачэння бюракратычнай справаздачнасці: напісанне, узгадненне і кантроль за выкананнем грувасткіх навучальных планаў не маюць ніякай дабаўленнай вартасці.

Што тычыцца мовы навучання — мы , зразумела, выступаем за рэальную беларусізацыю сістэмы адукацыі. Але і расейцы, і ўкраінцы, і палякі, і літоўцы, і прадстаўнікі іншых нацыяў павінны мець магчымасць атрымаць адукацыю на роднай мове.

— Дзве траціны студэнтаў у Беларусі вучацца на платных аддзяленнях. Але якасць вышэйшай адукацыі гэтыя дадатковыя фінансы чамусьці не паляпшаюць. Што прапаноўваеце вы?

— Дзяржаўная вышэйшая адукацыя павінна быць цалкам бясплатнай. Дзяржаўныя ВНУ не мусяць зарабляць грошы, яны павінны атрымліваць дастатковыя сродкі з бюджэту, каб даваць якасную адукацыю. А вось недзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі могуць , прапаноўвац навучанне за грошы. Але іх студэнты павінны здаваць выпускныя іспыты камісіі з выкладчакаў розных ВНУ. Справа ў тым, што ўзровень платных ВНУ розны. Часам атрымліваецца, што студэнт фактычна набывае дыплом, аплочваючы пяць гадоў навучання.

Ну і, безумоўна, нашай краіне неабходна далучацца да Балонскага працэса. Гэта і стандарты адукацыі, і абмен паміж навучальнымі ўстановамі, і прызнанне ў свеце нашых дыпломаў.

— Каб грошы ўкласці, іх спачатку трэба недзе ўзяць. Падвысіць выдаткі на адукацыю справа, безумоўна, добрая, але дзе сродкі на гэта? У нас зараз дзяржбюджэт не выконваецца — не хапае прыбыткаў.

— Нават сёння, нават калі не казаць пра эканамічныя рэформы, ёсць магчымасць знайсці гэтыя сродкі. Усе «Славянскія базары», «Дажынкі», грандыёзныя святкаваньні штучных святаў, дні гарадоў, раёнаў і іншыя іміджавыя мерапрыемствы — усё гэта файна, але ёсць і больш неабходныя рэчы. Калі б гэтыя рэсурсы накіраваць у тую ж адукацыю, становішча ўжо б значна палепшылася. Вельмі шмат у краіне ёсць рэчаў, на якіх можна сэканоміць. Тыя ж стратныя прадпрыемствы, якія падтрымліваюцца з бюджэту, але ўсё роўна не даюць працуючым там людзям магчымасці зарабляць грошы, на якія можна пражыць. Тыя ж спецыяльныя сілавыя структуры, якія ўжо канкуруюць паміж сабой і якіх у нас у краіне сёння значна больш, чым трэба.

Эканоміка — ключ да эфектыўнасці. Пачынаць трэба з яе. Але значную частку з прапанаваных рэформаў у галіне адукац ыі можна пачынаць рабіць адразу. Таму што далека не ўсё тут упіраецца ў грошы — важна змяніць прынцып пабудовы сістэмы. Децэнтралізацыя і вызваленне ініцыятывы самыя па сабе ўжо дадуць эфект.

+ Почему в школе не ставят единиц?

Топ-5 отличий белорусского образования от европейского

  • Оцени статью: