Студэнты правераць якасць вышэйшай адукацыі ў лабараторыі

Эксперты дапамогуць студэнтам вывучаць і вырашаць іх праблемы. У Мінску пачаў працу новы даследчы цэнтр ў сферы вышэйшай адукацыі і студэнцкага самакіравання Беларусі – Аналітычная лабараторыя «Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў».

Паводле словаў дырэктара Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў Зміцера Гаменюка, галоўная місія Аналітычнай лабараторыі ЦРСІ — збор экспертаў і аналітыкаў, а таксама студэнцкіх лідэраў разам для таго, каб сумесна аналізаваць падзеі, што адбываюцца ў студэнцкай супольнасці, вышэйшай адукацыі, і адказваць на выклікі, якія існуюць. А таксама ставіць пэўныя пытанні студэнцкай, акадэмічнай супольнасці і сумесна знаходзіць вырашэнне.

— Я б не сказаў, што цэнтр можа глабальна змяніць сістэму вышэйшай адукацыі, але тут ключавы фактар, што мы змяняем сістэму адукацыі праз студэнцкія ініцыятывы і арганізацыі. Умацоўваючы іх аналітычныя здольнасці, веданне і разуменне якім чынам трэба дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, мы даем ім, умоўна кажучы, мапу, па якой можна значна хутчэй дабрацца да канцавога пункта, місій, мэт гэтай арганізацыі, чымся без яе, — адзначае дырэктар ЦРСІ.

На сённяшні дзень паміж тэарэтыкамі-экспертамі і практыкамі-студэнтамі існуе разрыў, лічыць кіраўнік Аналітычнага цэнтру ЦРСІ Вадзім Мажэйка:

— Мы хочам гэты разрыў ліквідаваць. У аналітычнай лабараторыі яны змогуць сустрэцца, разам вызначыць праблемы. Тады дзейнасць тэарэтыкаў будзе насіць характар адказаў на тыя пытанні, якія ставяць студэнцкія арганізацыі.

Аналітычная лабараторыя будзе займацца пытаннямі вышэйшай адукацыі, самакіравання, студэнцкіх арганізацый і акадэмічных свабод у Беларусі.

— Мы зацікаўлены ў тым, каб у Беларусі развівалася студэнцкае самакіраванне, каб яно сапраўды было моцным і магло ўплываць на сітуацыю ва ўніверсітэтах, — падкрэслівае Вадзім Мажэйка.

Лабараторыя таксама будзе імкнуцца да выпрацоўкі экспертных шляхоў вырашэння індывідуальных канкрэтных праблем студэнтцкіх ініцыятыў. Але трэба ўлічваць, што аналіз праблемы і выпрацоўка стратэгіі яе развязання не азначае, што эксперты будуць займацца яе вырашэннем. Яны будуць прапаноўваць шляхі, але змагацца з праблемамі студэнтам давядзецца самім. Цэнтр адкрыты для любых студэнтаў і студэнцкіх ініцыятыў, зацікаўленых у павышэнні якасці вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

Дзеля дасягнення агульных мэтаў Аналітычная лабараторыя збіраецца супрацоўнічаць з разнастайнымі арганізацыямі і ініцыятывамі, у тым ліку з «Грамадскім балонскім камітэтам», «Братэрствам арганізацый студэнцкага самакіравання», «Задзіночаннем беларускіх студэнтаў», «Студэнцкай радай».

Ацэнка «Заўтра тваёй краіны»

Сябра грамадскага Балонскага камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў лічыць, што адной аналітычнай лабараторыі для вырашэння праблем у галіне вышэйшай адукацыі недастаткова, але з пэўнымі задачамі справіцца цалкам мажліва.

— Сапраўды важна, каб студэнты як адна з самых зацікаўленых груп у павышэнні якасці адукацыі мелі інструмент самааналізу, аналізу асабістых цікавасцяў і задач. І мне здаецца, што стварэнне такой лабараторыі, гэта крок у патрэбным накірунку, — адзначае эксперт.

На думку прафесара існуе сур’ёзная фундаментальная праблема, якая стаіць увогуле перад сусветнай вышэйшай адукацыяй. Гэта праблема пераходу да масавай вышэйшай адукацыі.

— Адна справа, навучыць найбольш здольную прасунутую частку моладзі, калі гэта 10 адсоткаў, і іншая — калі перад вамі задача ператварыць ледзь не ўсю моладзь у людзей з вышэйшай адукацыяй, — гаворыць Уладзімір Дунаеў. — Беларусь доўгі час адкладвала рашэнне гэтай праблемы, выбраўшы савецкую вышэйшую адукацыю за ідэал. Аднак трэба глядзець наперад і шукаць рашэнне не ў мінулым, а ў будучым.

На думку Дунаева, для Беларусі адно з рашэнняў гэтай праблемы – Балонскі працэс. Гэта інтэграцыя ў сістэму вышэйшай адукацыі прынцыпаў, мэт і асноўных накірункаў палітыкі Балонскага працэсу.

— Ва ўмовах Беларусі вырашаць гэту праблему даволі складана, таму што нашая сістэма адукацыі аўтарытарная, вельмі непаваротлівая, не адгукаецца на патрэбы грамадства і ўвогуле на патрабаванні часу, — пералічвае эксперт.

Самым вялікім дэфектам беларускай сістэмы адукацыі ён лічыць слабы грамадскі ўдзел у кіраванні вышэйшай школай, а таксама тое, што унівесітэты не з’яўляюцца аўтаномнымі: іх стратэгіі спускаюцца зверху, а не выпрацоўваюцца ў самой навучальнай установе.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 11
  • "ПРОТИВ" : 0