Ці патрэбная Беларусі еўразійская інтэграцыя?

Паліталагічная секцыя абяцае стаць самай «гарачай» на ІІІ Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі.

У гэтым годзе ў працы секцыі прымуць удзел спецыялісты з Украіны, Расіі, Даніі, Брытаніі, Ірака, Казахстана, Латвіі, Літвы, Азербайджана, Польшчы, Кіргізіі, беларускія спецыялісты: Вячаслаў Паздняк, Андрэй Ягораў, Дзяніс Мельянцоў, Валер Карбалевіч, Аляксандр Філіпаў.

У межах секцыі плануецца асобнае абмеркаванне розных аспектаў еўразійскай інтэграцыі. У дыскусіі прымуць удзел у тым ліку эксперты, якія звычайна выступаюць у падтрымку існуючай беларускай ўлады і еўразійскай арыентацыі краіны: Юры Шаўцоў, Сяргей Кізіма, Сяргей Мусіенка і некаторыя іншыя. Мяркуецца, што ў рамках кангрэса паміж прадстаўнікамі вельмі розных экспертных супольнасцяў адбудзецца абмеркаванне актуальных праблем беларускай знешняй палітыкі.

Да ІІІ Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца 11-13 кастрычніка 2013 г. у Коўна (Літва), засталося крыху болей за месяц. Ужо вызначаны спіс дакладчыкаў, але яшчэ некаторы час будзе працягвацца рэгістрацыя гасцей.

У Кангрэсе прымуць удзел больш за 400 навукоўцаў, экспертаў, аналітыкаў і інтэлектуалаў, у тым ліку і многія вядомыя асобы, больш чым з 25 краін. У працы Кангрэса прымуць удзел вядомы беларускі літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, вядомы брытанскі даследчык літаратуры Арнольд Макмілін, амерыканскі лінгвіст Курт Вулхайзер, даследчык Бібліі айцец Аляксандр Надсан (Лондан).

Дастаткова цікавай выглядае эканамічная секцыя, у працы якой прымуць удзел спецыялісты з беларускіх універсітэтаў і незалежных цэнтраў, у тым ліку эксперты Аляксандр Чубрык і Сяргей Чалы.

Праца некалькіх секцый будзе прысвечана спадчыне і гісторыі ВКЛ, у прыватнасці феноменам «Літвы» і «Русі» у сярэднявеччы. Удзел у секцыях, звязаных з гісторыяй ВКЛ, прымуць як вядомыя беларускія даследчыкі Генадзь Сагановіч, Георгій Галенчанка, Алег Дзярновіч, Аляксандр Краўцэвіч, Наталля Сліж, так і замежныя спецыялісты Артурас Дубоніс (Літва), Міхаіл Дзмітрыеў (Расія) і іншыя. Абмеркаванне «паўночнага вымярэння» «Літвы» і «Русі» адбудзецца пры ўдзеле філосафа Сяргея Санько, які актуалізаваў ідэю Крывіі ў сучаснай Беларусі.

Таксама адбудуцца секцыі па гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзя, гістарычнай урбаністыцы, гісторыі габрэйскай супольнасці ў Беларусі, гістарычнай прысутнасці беларусаў у балтыйскіх краінах і беларускай дыяспары з удзелам такіх вядомых спецыялістаў як Дарота Міхалюк (Польшча), Захар Шыбека, Алесь Смалянчук, Андрэй Кіштымаў, Лешек Заштаўт (Польшча), Андрэй Катлярчук (Швецыя), Эрыкс Якабсанс (Латвія) і многія іншыя. Плануецца асобная панэль па гісторыі думкі Беларусі.

Упершыню ў межах Кангрэса пройдзе праца сацыялагічнай секцыі, а таксама секцыі па ахове і інтэрпрэтацыі культурнай і гістарычнай спадчыны.

На пленарным пасяджэнні выступяць Стывен Уайт з Універсітэта Глазга («Дылемы беларускай знешнепалітычнай арыентацыі»), Маргарыта Бальмацэда з Гарвардскага ўніверсітэта («Энергетычная палітыка і сацыяльны кантракт у Беларусі»), Эгідыюс Александравічус з Універсітэта Вітаўта Вялікага («Палітыка Літвы ў дачыненні да беларусаў»), вядомы даследчык ВКЛ з ЗША Дэвід Фрык («Вільня XVII стагоддзя»), а таксама польскі даследчык беларускага паходжання Мікалай Іваноў з дакладам пра аднаго з заснавальнікаў беларусістыкі ў Польшчы Севярына Віслауха.

Таксама ў межах Кангрэса будзе ўручана прэмія за лепшыя навуковыя публікацыі ў 2011-2012 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычная навукі, гуманітарныя навукі. Адбор быў праведзены шырокім колам экспертаў, вынікі будуць агучаныя падчас кангрэсу. Шорт-ліст прэміі можна пабачыць тут.

  • Оцени статью: