Колькі можа зарабіць Беларусь на бясплатных пешых турах?

«Фрытурс» прыносяць многім еўрапейскім гарадам не толькі папулярнасць, але і прыбыткі ў бюджэт. Чаму ў Беларусі простая і танная схема не працуе?

Алгарытм удзелу ў бясплатных пешых турах просты: дастаткова дазнацца, у які час ладзіцца экскурсія, і прыйсці на месца, каб далучыцца да групы. Напрыклад, аж чатыры разы на дзень пры любым надвор’і ад Брандэрбургскіх варот стартуюць такія туры ў Берліне, двойчы на дзень — у Барселоне, Амстэрдаме, Рызе… Пачалі ладзіцца яны і ў суседніх Кіеве і Маскве.

Экскурсіі часцей за ўсё праводзяцца на ангельскай мове і доўжацца адну–дзве гадзіны. Вельмі часта маюць нефармальны характар: гіды распавядаюць тое, пра што не напісана ў даведніках і энцыклапедыях.

— Экскурсаводамі звычайна з’яўляюцца валанцёры. Мы не атрымліваем грошай за сваю працу, але жадаючыя могуць фінансава нас падтрымаць, — распавядае сербская гід Мара.

Мара прадстаўляе некамерцыйную грамадскую арганізацыю, якая зацікаўлена прыцягненнем увагі замежнікаў да культуры і гісторыі Сербіі. «Фрытуры» у гэтым дапамагаюць.

Манумент паміж нацыянальным музеем і тэатрам. З гэтага месца ў Белградзе стартуе «фрытур».

Колькасць «выпадковых» турыстаў можа дасягаць некалькіх дзясяткаў чалавек. Усе яны з розных краін. Далучаюцца да прагулак і зацікаўленыя сербы.

На прыпынках гід дапамагае вывучаць сербскіе словы, частуе асобных шчасліўчыкаў нацыянальнымі прысмакамі і дэманструе старые грошы, якія некалі інфляцыя «з’ела» за адну ноч. Усё гэта, па назіраннях, даволі цікавыя атракцыёны для замежнікаў.

Па дарозе – гістарычныя прыпынкі і аповед пра лёс горада.

Месца, дзе сыходзяцца дзве рэчкі – Сава і Дунай. За прагажосцю асабліва прыемна назіраць ноччу, седзячы на рэштках абарончай вежы.

Навошта вадзіць замежніка па горадзе бясплатна, калі з яго можна ўзяць патроены кошт?

У Еўропе і гэта прадумалі: калі турыст пажадае глыбей прасякнуцца гісторыяй горада ці больш дасканала даведацца пра пэўныя яго дастапомнасці, можа замовіць платную экскурсію на выбар. Іх заўжды рэкламуюць падчас бясплатных прагулак. Напрыклад, ужо за грошы ў Белградзе прапануюць дадатковыя экскурсіі — «Камуністычны тур» з наведваннем музея і аповедам пра рэвалюцыйныя асаблівасці і строй краіны, «Падземныя таямніцы сталіцы» і нават «П’яны тур», у які ўключана частаванне спіртнымі напоямі. Сярэдні кошт складае 10 еўра з чалавека.

Бясплатны тур звычайна таксама вельмі ўдала складзены: аповед гіда зручна «прыстасаваны» пад месцы развітання з грашыма. Па дарозе рэкамендуюць рэстараны нацыянальнай кухні, культурныя установы з платным уваходам, сувенірныя крамы і нават даюць час, каб пакінуць тут грошы — нешта купіць ці паесці.

Экскурсавод: Задарма выдаткоўваць свой вольны час на чужых людзей пагодзіцца не кожны  

— Перадумовы для развіцця бясплатнага пешага турызму ў Беларусі ёсць, бо ў нас знойдзецца што паглядзець. Пытанне толькі ў тым, што пра Беларусь замежнікі ведаюць зусім мала і таму не вельмі актыўна прыязджаюць да нас, — дзеліцца досведам беларускі экскурсавод Зміцер Суліменка.

Па словах Зміцера, з замежных грамадзян хіба што расіяне вылучаюцца сваёй актыўнасцю і зараз з'яўляюцца адным з асноўных рухавікоў турыстычнага бізнесу ў нашай краіне.

Бясплатныя пешыя экскурсіі — добры сродак зацікавіць людзей пэўным горадам або дастпомнасцю, адзначае суразмоўца. І вельмі значную ролю адыгрывае «Фэст экскурсаводаў», які пакуль што ладзіцца толькі раз на год. Праз такія экскурсіі падвышаецца цікаўнасць да пэўных турыстычных маршрутаў і таксама набываюць вядомасць экскурсаводы.

— Адна з галоўных праблемаў для развіцця бясплатных пешых экскурсій у Беларусі — адсутнасць каталогу экскурсаводаў-валанцёраў, якія маглі б у вольны час ладзіць такія прагулкі, — звяртае ўвагу Зміцер Суліменка. — Прафесіяналы ладзяць такія экскурсіі, але только для сяброў ці знаёмых. А вось задарма, на жаль, выдаткоўваць свой вольны час на незнаёмых людзей пагодзіцца не кожны.

Спецыялісты вылучаюць яшчэ два фактары, якія патэнцыйна стрымліваюць развіццё падобнага турыстычнага накірунка ў Беларусі — слабое валоданне гідамі замежнымі мовамі, у тым ліку ангельскай, ды цяжкасці, з якімі сутыкаюцца турысты-замежнікі пры атрыманні беларускай візы.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 13
  • "ПРОТИВ" : 0