Ці патрэбны беларусам Палац незалежнасці?

У раёне Праспекта Пераможцаў у Мінску будуецца Палац незалежнасці, які, па словах беларускага прэзідэнта, у комплексе з плошчаю Дзяржаўнага сцяга канчаткова прадкрэсліць непахіснасць беларускае дзяржаўнасці.Ці ўмацуе палац беларускую незалежнасць?

У Палацы будуць праходзіць асноўныя дзяржаўныя мерапрыемствы, пачынаючы ад уручэння замежнымі амбасадарамі даверчых грамат і заканчваючы нарадамі кіраўнікоў дзяржаў.

«Яны павінны прыязджаць і бачыць, што Беларусь — гэта дзяржава і нікому яе павярнуць «нахіліць» больш не ўдасца. То бок, гэта галоўны цэнтр нашай краіны, цэнтр незалежнасці нашай дзяржавы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Вячорка: Ніякія навабуды не заменяць нацыянальнай свядомасцi

За спробамі беларускага кіраўніцтва перанесці цэнтр дзяржаўна-палітычнага жыцця з даўнейшага гістарычнага цэнтру на новыя прасторы адзін з заснавальнікаў незалежніцкага руху сучаснай Беларусі Вінцук Вячорка разгледзеў пэўныя практычныя матывы.

— Напэўна, турбуе ўладара дзяржавы традыцыя палітычных пратэстаў акурат у цэнтры ўздоўж былога праспекту Скарыны. Відаць, ён запазычвае ў арабскіх шэйхаў уяўленне, што дзяржава павінна выхваляцца нейкімі дзяржаўнымі навабудамі. Там ясна — суцэльная пустэльня, зусім іншыя традыцыі. А ў нас у краіне, якая мае тысячагадовую гісторыю, гэта сведчанне непавагі да яе гісторыі, — лічыць суразмоўца .

Па меркаванні Вінцука Вячоркі, ніякія навабуды не заменяць галоўнага — нацыянальнай свядомасці, нацыянальнай памяці, нацыянальнай мовы.

— Толькі яны і ствараюць сітуацыю адказнасці народу за лёс сваёй дзяржавы і гарантуюць яе незалежнасць, — падкрэслівае Вінцук Вячорка.

Трусаў: Раней ці пазней тут паявіцца бел-чырвона-белы сцяг

Калі гэты Палац незалежнасці будзе збудаваны някепска, то горш для Беларусі і беларусаў не будзе, упэўнены старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны гісторык Алег Трусаў.

 — У розных дзяржавах ёсць будынкі — сімвалы яе незалежнасці. У Маскве — гэта Крэмль, у Германіі — Рэйхстаг. Калі ёсць лішнія грошы, то гэта не пашкодзіць, — мяркуе гісторык.

Аднак адзначае, што насамрэч гарантам беларускай незалежнасці можа быть толькі сам беларускі народ.

— Пяцьсот гадоў балгары былі пад туркамі, і ўсё адно яны незалежныя. Калі ён хоча быць незалежным, то раней ці пазней стане, а калі не хоча, тады і дзяржава знікае, — адзначае Алег Трусаў .

А ці сапраўды ў сённяшняй Беларусі дагэтуль не было будынкаў, якія б можна было атаясамліваць з незалежнасцю краіны?

— Не. Ну, быў у нас Палац Рэспублікі, але ж яго будавалі яшчэ пры Саветах. І ён не прэтэндаваў нават на сімвал БССР. То бок нават у савецкі час у нас не было будынкаў агульнадзяржаўнага значэння. Сама па сабе ідэя будаўцніцтва Палацу незалежнасці сведчыць аб тым, што ў нас ідэя незалежнасці ўмацавалася. Тым больш што гэты палац і месца для сцяга, дзе раней ці пазней з’явіцца бел-чырвона-белы сцяг, таксама някепскія. Хай будуць, але зноўку пры ўмовах, што ёсць грошы, — рэзюмуе старшыня Таварыства беларускай мовы .

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 8
  • "ПРОТИВ" : 20