Чым пагражае татальны кантроль дзяржавы над акцыянерамі?

Змены ў заканадаўства аб уладальніцкім наглядзе ў Беларусі, якія могуць быць унесеныя ўжо на веснавой сесіі Палаты прадстаўнікоў, пагражаюць ўсталяваннем поўнага кантролю дзяржавы ў акцыянерных таварыствах. Масавыя уцёкі інвестараў і крэдытораў прагназуюць эксперты.

Замест «залатой акцыі» хочуць увесці «платынавую»

Унясенне зменаў ў закон аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы ініцыявалі прэзідэнт і ўрад. У законапраекце прапаноўваецца ўвядзенне дзяржаўных прадстаўнікоў нават ў тых акцыянерных таварыствах, дзе зусім няма долі дзяржавы. Больш за тое, дзяржпрадстаўнікі будуць валодаць правам вета: змогуць накладаць забарону на рашэнні агульнага сходу акцыянераў, фактычна блакаваць любыя рашэнні, якія не задавальняюць уладу.

У тых жа таварыствах, дзе дзяржаўная доля складае менш за 50%, прадстаўнікі дзяржавы змогуць галасаваць яшчэ і за мінарытарных акцыянераў без даверанасці па ўмаўчанні. Атрымліваецца, што нават у тых ААТ, дзе дзяржава не валодае кантрольным пакетам акцый, яна можа дыктаваць свае ўмовы ўласнікам. Там жа, дзе больш за 50% акцый належыць дзяржаве, прапануецца не ствараць назіральныя саветы, а пытанні, якія адносяцца да іх кампетэнцыі, размеркаваць паміж выканаўчым органам і агульным сходам акцыянераў.

— Калі прапановы, унесеныя ўрадам у Палату прадстаўнікоў будуць прынятыя, то парушацца правы тысячаў беларускіх грамадзянаў, якія з’яўляюцца мінарытарнымі акцыянерамі, а таксама правы буйных замежных і айчыннных акцыянераў. Фактычна, дзяржава, замест «залатой акцыі», якая была адменена ў 2008 годзе, пад вялікім ціскам людзей, якія займаліся прыцягванем інвестыцый у Беларусь, уводзіць «платынавую акцыю», — падкрэслівае намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

На Канстытуцыйны Суд не спадзявайся...

Незалежныя юрысты адзначаюць, што законапраект супярэчыць Асноўнаму Закону краіны, які дэкларуе роўныя правы ўсіх формаў уласнасці, але не вераць, што Канстытуцыйны Суд стане на абарону прыватных акцыянераў.

— У Беларусі ёсць папярэдні канстытуцыйны кантроль, які да прыняцця парламентам правярае кожны законапраект на адпаведнасць Асноўнаму Закону. Але, я ўпэўнены, Канстуцыйны Суд не будзе абараняць правы прыватных уласнікаў. Ён нават не будзе разглядаць гэты праект. Бо ініцыятарамі законапраекта з’яўляюцца урад, прэзідэнт: якраз тыя суб’екты, якія могуць накіраваць ў Канстытуцыйны Суд адпаведнае хадайніцтва, — адзначае юрыст выканаўчага бюро Асамблеі НДА Юры Чавусаў.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў таксама лічыць, што наўрад ці выканаўчая ўлада пагодзіцца адклікаць памянёны законапраект. Аднак, на яго думку, яшчэ можна прымусіць улады адмовіцца ад найбольш адыёзных пунктаў праекта. Для гэтага патрэбна, каб бізнес-супольнасць і грамадскасць публічна выказалі сваё негатыўнае стаўленне да планаў дзяржчыноўнікаў надзяліць сябе правам бесцырымонна ўмешвацца ў дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання.

— Я не чуў ніводнага пазітыўнага выказвання наконт гэтага законапраекта. Бізнесоўцы, незалежныя эканамісты, юрысты, прадстаўнікі дэмакратычных партый і рухаў цудоўна разумеюць, што ён будзе мець негатыўны ўплыў на эканоміку, — лічыць палітык.

Акцыянеры — пагроза рэжыму?

На думку Ігара Лялькова, улады наўмысна адмаўляюцца наладзіць грамадскае абмеркаванне зменаў у памянёны закон.

— Да гэтага часу яшчэ не было ніводнага законапраекта, калі б бізнес - супольнасц ь так адзінагалосна не выказвал а ся супраць. Аднак пратэстнай жорсткай рэакцыі на змены ў заканадаўства пакуль няма. Улада ж зацікаўлена ў прыняцці закона, каб забяспечыць поўны кантроль над акцыянернымі таварыствамі, — адназначае Ігар Лялькоў .

Юры Чавусаў лічыць, што такім чынам у Беларусі кіроўная наменклатура плануе стварыць сродак кантролю за прыватызацыйным працэсам, каб не страціць палітычнай улады.

— Для беларускага рэжыму больш небяспечныя дробныя бізнесмены, уладальнікі невялікіх пакетаў акцый, бо яны размываюць палітычную ўладу. Буйныя інвестары, якія ўносяць у беларускую эканоміку вялікія грошы, дамаўляюцца непасрэдна з урадам ці з прэзідэнтам. З імі улады могуць кантраляваць працэс прыватызацыі, а з дробнымі ўласнікамі шмат турботаў, таму дзяржава не зацікаўлена ўвогуле, каб яны ўзнікалі, — мяркуе Юры Чавусаў.

Пудзіла для крэдытораў і інвестараў

Ад зменаў у закон аб прыватызаныі найперш могуць пацярпець уладальнікі паспяховых кампаній, лічыць эксперт «Ліберальнага клуба» Антона Балточка.

— Калі яны патрапяць у няміласць да ўладаў, ці проста нейкія ўплывовыя чыноўнікі захочуць прыбраць да сваіх рук прыбытковы бізнес, то новы закон створыць юрыдычную базу для барацьбы з апальнымі ўласнікамі і захопу іх фірмаў, — прагназуе эканаміст.

Эксперты лічаць, што новы закон адштурхне ад Беларусі і без таго нешматлікіх з амежных інвестараў. Да таг о ж, ён можа негатыўна паўплываць на прыцягненне замежных крэдытаў .

— Пагаршэнне паказчыкаў па індэксу абароны правоў уласнасці створыць негатыўны імідж Беларусі ў вачах замежных інвестараў і крэдытораў. Нават тыя патэнцыйныя крэдыторы, якія не зусім добра ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, пасля прыняцця зменаў у закон аб уласнасці наўрад ці рызыкнуць пазычаць нам грошы, — адзначае Антон Балточка.

На думку галоўнага рэдактара «Экономической газеты» Леаніда Фрыдкіна , новы законапраект негатыўна паўплывае на кош т акцый і саміх прадпрыемстваў.

— Кошты акцый рэзка зменшацца. Праўда, у Беларусі ацэнка прадпрыемстваў праводзіцца не зусім на рынкавых умовах, таму рэальнае падзенне вартасці акцый адбудзецца не адразу, — падкрэслівае Леанід Фрыдкін.

+ Власти пояснили мотивы вмешательства государства в частный бизнес

  • Оцени статью: