Чаго каштавала беларускай прэсе свабода слова ў 2012-м

Незалежная прэса перажыла ў мінулым годзе некалькі атак з боку ўладаў, але ці можна сказаць, што сітуацыя ў цэлым пагоршылася? Старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна падводзіць вынікі 2012-га для свабоды слова ў Беларусі.

ТОП-5 АТАК НА СВАБОДУ СЛОВА Ў 2012 ГОДЗЕ

1. Прапагандысцкі фільм «Баш на БАЖ»

На Першым нацыянальным канале 5 лютага выйшаў прапагандысцкі фільм, у якім была распаўсюджана недакладная і зневажальная інфармацыя пра Беларускую асацыяцыю журналістаў і яе кіраўніцтва.

2. Уключэнне незалежных журналістаў у спіс невыязных

З сакавіка шэсць сябраў БАЖ, у тым ліку старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, на некалькі месяцаў былі ўключаны ў спіс невыязных. Абмежаванне наўпрост парушала артыкул 30 Канстытуцыі (права свабодна пакідаць краіну), а таксама закон аб парадку выезду і ўезду ў Беларусь.

Пазней уключэнне ў спіс невыязных сябраў БАЖ, а таксама палітычных актывістаў МУС патлумачыла «тэхнічным збоем».

3. Другая крымінальная справа супраць Анджэя Пачобута

Карэспандэнт польскай «Газеты выборчай» у 2011 годзе быў асуджаны на 3 гады зняволення з адтэрміноўкай па артыкуле « паклёп на прэзідэнта ». У сярэдзіне 2012 года супраць Анджэя Пачобута ўзбудзілі крымінальную справу за паўторны паклёп на прэзідэнта.

Журналіст правёў у гродненскім СІЗА тыдзень, пасля чаго быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

— Прайшло больш за паўгады, як Анджэю была зменена мера стрымання. Бясконцае чаканне прымушае быць у напрузе і трымаць справу пад кантролем, – адзначае Жанна Літвіна. — З павагай і захапленнем стаўлюся да Анджэя, бо нягледзячы на ўсе выпрабаванні, ён працягвае актыўна займацца журналістыкай.

4. Затрыманне фатографа Антона Сурапіна

У ліпені 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ, які выклаў на сваім сайце фатаграфіі «плюшавага дэсанту», быў абвінавачаны ў дапамозе незаконнаму перасячэнню мяжы. У СІЗА КДБ ён правёў больш за месяц.

— Нядаўна з моманту ператрусу ў яго кватэры споўнілася паўгады, але крымінальная справа ў адносінах да Антона таксама застаецца ў падвешаным стане, яна не закрытая, – камянтуе Жанна Літвіна.

«Міжнародная амністыя» назвала затрыманне Антона Сурапіна самым абсурдным арыштам у свеце ў 2012 годзе. У Беларусі з гэтым выпадкам па абсурднасці можа супернічаць затрыманне журналістак Юліі Дарашкевіч і Ірыны Козлік, якія фатаграфаваліся з плюшавым мядзведзем непадалёк ад Палаца мастацтва.

— Фармулёўка з адміністрацыйнага пратакола «правядзенне несанкцыянаванага пікетавання шляхам фатаграфавання», думаю ўвойдзе ў найноўшую гісторыю беларускай журналістыкі, — з іроніяй адзначае Жанна Літвіна.

5. Пад пагрозай знікнення аказаўся часопіс Arche

Восенню ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці быў абвінавачаны галоўны рэдактар выдання Валер Булгакаў. Каб выратаваць часопіс, яго вызвалілі ад пасады, але Дэпартамент фінансавых раследванняў усё роўна заблакаваў рахункі выдання.

Валер Булгакаў з-за пагрозы крымінальнага пераследу пакінуў Беларусь. Рэдакцыя Arche спрабуе перарэгістраваць часопіс.

— Пасля сюжэтаў на дзяржаўным тэлебачанні справа Arche набыла палітычны характар. Нельга дапусціць, каб гэтае выданне знікла. Справа патрабуе кансалідацыі і падтрымкі калегаў, — адзначае Жанна Літвіна. — Колькасць незалежных выданняў пастаянна змяншаецца. На жаль, я не магу прывесці прыкладу з’яўлення ў 2012 годзе новага СМІ грамадска-палітычнага фармату.

Пазітыўныя моманты

Разам з тым старшыня БАЖ выдзеліла і некалькі пазітыўных момантаў у сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі ў мінулым годзе.

Розныя даследванні падцвярджаюць устойлівую тэндэнцыю павілічэння інтэрнэт-аўдыторыі, узрастае значнасць працы журналістаў у інтэрнэт-выданнях.

Традыцыйна любая выбарчая кампанія негатыўна адбіваецца на стасунках улады з мас-медыя, але падчас апошніх парламенцкіх выбараў не было праяваў жорстакага пераследу журналістаў. Хаця не абыйшлося і без затрыманняў, адзначае Жанна Літвіна.

Нягледзячы на ўсе праблемы, Беларуская асацыяцыя журналістаў засталася дзеяздольнай і згуртаванай арганізацыяй.

— Адна з асноўных падзеяў мінулага года — чарговы справаздачны з’езд БАЖ.

Калі мы зацвярджалі дакументы і абіралі новае кіраўніцтва арганізацыі, вынікі галасавання былі амаль адзінадушнымі. Думаю, гэта было рэакцыяй журналісцкай супольнасці на падзеі пачатку года, — лічыць Жанна Літвіна.

У мінулым годзе значна зменшылася колькасць затрыманняў журналістаў. У 2011-м былі пабітыя ўсе рэкорды па ціску на журналістаў, пра што сведчыць лічба – каля 150 затрыманых. У 2012 годзе затрыманых журналістаў было ў 3 разы меней, паказваюць дадзеныя БАЖ.

Не горш і не лепш

Жанна Літвіна лічыць, што сітуацыя са свабодай слова ў 2012 годзе не пагоршылася, але і не палепшылася.

— Калі быць аб’ектыўным, то нельга сказаць, што сітуацыя пагоршылася, што яна зусім крытычная і катастрафічная. Я б сказала, што нашыя праблемы носяць сістэмны, хранічны характар, і мы вымушаны да іх па трохі прыстасоўвацца. Дастаткова толькі ўзгадаць, як перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года з сістэмы распаўсюду «Белсаюздруку» і «Белпошты» былі выкінуты 15 выданняў.

Дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ па-ранейшаму знаходзяцца ў няроўных эканамічных умовах.

— Толькі на 2013 год з рэспубліканскага бюджэту на падтрымку дзяржаўных СМІ выдаткавана каля 60 млн еўра, – робіць параўнанне Жанна Літвіна. — А зусім нядаўна ад рэдактара адной мінскай недзяржаўнай газеты я пачула, што для яго рэдакцыі кошт на друкарню вырас за год на 87%. Паўтары гады таму ўвогуле быў момант, калі здавалася, што недзяржаўныя выданні на мяжы банкруцтва.

Сярод іншых «хранічных хвароб» — грубае ўмяшальніцтва праваахоўчых органаў у працу журналістаў падчас масавых акцый. Перапіска БАЖ з Міністэрствам унутраных спраў і пракуратурай ў 2012 годзе з прапановай наладзіць узаемадзеянне станоўчых вынікаў не дала.

Перспектывы

Апошняя прэс-канферэнцыя кіраўніка дзяржавы, на думку старшыні БАЖ, у чарговы раз падцвердзіла, што для ўлады роля і месца мас-медыяў у грамадстве застаюцца ранейшымі.

— Улада успрымае СМІ як частку прапагандыскай машыны. Гэта вельмі сумна.

Аднак БАЖ не спыняе спробаў паўплываць на сітуацыю. Днямі ў пастаянную камісію па правах чалавеках, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў будзе перададзены даволі аб’ёмны пакет прапановаў.

Сутнасць іх у наступным:

— на сёння ў законе аб СМІ прысутнічае фармулёўка «журналіст СМІ». Але з улікам новых тэндэнцый, развіццём фрылансерства фармулёўку «журналіст» неабходна пашырыць;

— улічваючы досвед еўрапейскіх краін, дазволіць прафесійным журналісцкім саюзам выдаваць пасведчанні журналіста;

— увесці заяўны прынцып акрэдытацыі і г.д.

— Калі дадзеныя прапановы па зменах заканадаўства будуць прынятыя, гэта значна палепшыць сітуацыю ў галіне СМІ, — адзначае Жанна Літвіна. — Будзем настойліва пераконваць уладу і грамадства ў неабходнасці абмеркавання сітуацыі са СМІ і правядзення рэфармавання медыя-сферы.

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з арганізацыяй Index on Censorship ("Індэкс цэнзуры")

  • Оцени статью: