У памяць Віталя Сіліцкага адзначаць дасягненні ў паліталогіі

Камітэт памяці Віталя Сіліцкага заснаваў прэмію яго імя «За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі» дзеля падтрымання памяці сусветна вядомага беларускага палітолага, грамадскага мысляра і першага дырэктара BISS.

Прэмія імя Віталя Сіліцкага мае на мэце спрыянне захаванню традыцыяў высокай якасці і прафесіяналізму ў паліталогіі, якія заклаў Віталь Сіліцкі. Менавіта ён прыўнёс у беларускую паліталогію заходнія стандарты, захаваўшы пры гэтым свой непаўторны аўтарскі стыль. Ён заўсёды жыва і востра рэагаваў на ўсё, што адбывалася ў краіне, рабіў трапныя прагнозы і якасную аналітыку, проста казаў аб складаным.

Апошнім зваротам Віталя да сяброў і калег сталі словы: «Я паміраю, але зрабіце так, каб жылі тыя ідэі, якімі жыў я». Каб выканаць запавет Віталя Сіліцкага, а таксама падтрымаць зададзеную ім высокую планку, Камітэт памяці Віталя Сіліцкага вырашыў заснаваць прэмію яго імя «За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі».

Намінантаў на прэмію можа прапанаваць кожны ахвотны праз сайт Камітэту памяці Віталя Сіліцкага, альбо даслаўшы заяўку на адрас ccvsilicki@gmail.com. Да ўдзелу прымаюцца працы за 2012 год, якія прадстаўляюць сабой грунтоўны аналіз, аналітыку ці новы погляд на падзеі ў Беларусі з паліталагічнага пункту гледжання і належаць беларускаму аўтару. Намінаванне будзе адкрытым у перыяд з 15 студзеня па 28 лютага.

Пераможцу прэміі імя Віталя Сіліцкага «За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі» вызначыць прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя палітолагі і грамадскія дзеячы, сярод якіх Уладзімір Роўда, Андрэй Казакевіч, Дзяніс Мельянцоў, Алесь Лагвінец, Валер Булгакаў і многія іншыя. Калі нехта з сябраў журы патрапіць у спіс намінантаў, яны могуць прэтэндаваць на прэмію, пакінуўшы склад журы, праца якога будзе доўжыцца цягам сакавіка.

Уручэнне прэміі імя Віталя Сіліцкага «За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі» адбудзецца напачатку красавіка 2013 года.

Арганізатары Прэміі імя Віталя Сіліцкага плануюць зрабіць яе штогадовым мерапрыемствам.

Камітэт памяці Віталя Сіліцкага быў утвораны ягонымі сябрамі і калегамі ў траўні 2012 году, напярэдадні гадавіны смерці Віталя. Вядомы беларускі палітолаг, першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў сышоў з жыцця праз рак 11 чэрвеня 2011 году.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да каардынатараў Камітэта памяці Віталя Сіліцкага праз ccvsilicki@gmail.com альбо па тэлефонах +375 29 1130908 Дар’я Слабчанка і +375 29 6260499 Міла Берташ.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 6
  • "ПРОТИВ" : 0