У Беларусі з’явіцца недзяржаўны рэйтынг гуманітарыяў

Упершыню ў Беларусі сама акадэмічная супольнасць будзе адзначаць лепшыя навуковыя публікацыі ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук — штогадовую прэмію заснаваў Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.

Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковай дзейнасці.

— Кангрэс даследчыкаў Беларусі — адлюстраванне той сітуацыі, якую мы маем у акадэмічнай супольнасці, і гэты стан далёка не ідэальны. Мы не можам вырашыць усе праблемы, якія існуюць. Аднак прэмія — гэта спроба паўплываць на якасць навуковых даследаванняў, вызначыць тыя з іх, якія можна браць за ўзор, — адзначае сябра аргкамітэта Кангрэса Таццяна Вадалажская.

Для развіцця акадэмічнай супольнасці вельмі важна, каб існавала іерархія сярод даследчыкаў. Пакуль у Беларусі гэтыя рэйтынгі ў асноўным вызначае дзяржава праз пасады і дзяржаўныя прэміі.

— Аднак гэтая іерархія не адэкватная якасці таго, што робіць навукоўца, бо ацэньваюцца перш за ўсё заслугі перад дзяржавай. Даследчыкі, што знаходзяцца па-за межамі дзяржаўных інстытуцый, наогул выкрасленыя з гэтага працэсу, — адзначае дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Прэмія — спроба пашырыць унутраную функцыю супольнасці па выстаўленні рангаў. Гэта крок у бок самаразвіцця і самарэгулявання супольнасці.

Прэмія для даследчыкаў аб’яўлена у трох намінацыях: сацыяльныя навукі, гуманітарныя навукі, гісторыя. Арганізатары Кангрэса звярнулі асаблівую ўвагу на гэты сегмент навуковай дзейнасці, бо менавіта ён у беларускім дзяржаўным акадэмічным асяродку знаходзіцца ў занядбаным стане.

— Назіраецца скарачэнне гэтага сектара. Напрыклад, у суседняй Літве даследчыкаў, якія займаюцца гуманітарнай сферай, больш, чым у Беларусі, прыкладна ў тры разы, хаця насельніцтва гэтай краіны ў тры разы менш, — адзначае Андрэй Казакевіч. — Пры гэтым у Беларусі пастаянна ставіцца пытанне пра тое, што «гуманітарыяў» занадта шмат фінансуюць і трэба іх падтрымку скарачаць.

Ініцыятары заснавання прэміі спадзяюцца, што гэты крок дазволіць прыцягваць дадатковыя рэсурсы ў Беларусі і з-за мяжы для развіцця сацыяльна-гуманітарных навук у краіне. Для стварэння збалансаванай рады па кожнай з трох прэмій яны разлічваюць пашырыць кола экспертаў, якія будуць ацэньваць конкурсныя працы за кошт замежнікаў і прадстаўнікоў дзяржаўных акадэмічных устаноў.

Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.

Прапановы падаюцца на адрас premija@palityka.org да 20 лютага 2013 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў тут.

Лепшыя публікацыі ўпершыню адзначаць на Трэцім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 11-13 кастрычніка 2013 года.

Другі Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які адбыўся 28-30 верасня 2012 года стаў значнай акадэмічнай падзеяй. Удзел у працы Кангрэса прынялі каля 350 навукоўцаў і гасцей, якія прадстаўлялі практычна ўсе буйныя гарады і акадэмічныя цэнтры Беларусі, а таксама больш за 15 краін свету.

А на вашу думку: ці паспрыяе развіццю гуманітарнай навукі ў Беларусі заснаванне прэміі для даследчыкаў? 

 

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 14
  • "ПРОТИВ" : 5