Як сталіцам «Дажынак» стаць турыстычнымі цэнтрамі

Свята ўраджаю аднаўляе гарадскія вуліцы, фарбуе платы, забрукоўвае пліткай плошчы. Але як яны будуць выглядаць гадоў праз пяць? Пра фінансавыя ін’екцыі на перспектыву ды мажлівасці «Дажынак» прывабліваць турыстаў — спецыяліст па PR і брэндынгу Аляксей Чубат.

Калі ўся беларуская сістэма ў рэжыме аўрала, прыцягнуўшы велізарныя сродкі, пачынае кропкава аднаўляць горад, зразумела, вынік будзе. А ле ў што ператворацца фарбаваныя сцены праз пяць год, калі не будзе чарговых фінансавых ін’екцый? Улічваючы, што ў Беларусі больш за 100 гарадоў, «Дажынкі» маюць адбыцца ў кожным хіба што раз на стагоддзе — то бок, адно маштабнае ўліванне сродкаў на 3-4 пакаленні.

Вялізарныя сродкі, якія выдзяляюцца на свята, варта выкарыстоўваць на перспектыву.

Як «Купалле» можа зарабіць на сваё ўтрыманне?

Маладзечна — другі па велічыні горад Мінскай вобласці асвоіў, як кажуць афіцыйныя СМІ, на падрыхтоўку і правядзенне свята ў 2011 годзе 500 млрд рублёў — у 50 разоў болей за бюджэты першых дажыначных гарадоў (Столін, Масты). Гэта бачна і па аб’ектах: выбітны Лядовы палац, наноў разбіты парк, новая сцэнічная пляцоўка ў парку, якая выглядае як аб’ект сучаснага мастацтва. Не кажучы ўжо пра адноўленыя дамы, вуліцы.

Паставілі і тры новыя помнікі: «Прыезжая», «Купалле» і «Глашатай».

Скульптурная кампазіцыя «Купалле» знаходзіцца не надта далёка ад вакзала: аголеная дзяўчына з вянком вядзе за руку хлопца, таксама аголенага. Пра амаральнасць гэтай кампазіцыі было шмат розгаласу.

Фота Аляксея Чубата

Але нам важна засяродзіцца на іншым: скульптура павінна прыцягваць да сябе турыстаў і экскурсантаў, працаваць на горад у плане яго папулярнасці і папаўняць бюджэт.

Кампазіцыі варта быць наглядным элементам лекцыі або семінара пра дахрысціянскія традыцыі Беларусі. Выглядае лагічным наладзіць паблізу ад яе продаж кніг па гісторыі і культуры паганства, прычым не толькі беларускіх, але і літоўскіх, польскіх выдавецтваў. І, натуральна, гандляваць паменшанымі копіямі гэтай скульптуры, кубкамі і асадкамі з яе выявай.

«Дажынкі» далі другое жыццё і парку, які знаходзіцца ў некалькіх дзесятках метраў ад «Купалля». Праз парк пацёк шырокі ручай, уздоўж якога прыемна выйсці на шпацыр і ў самоце, і ў каханні. Гэты факт – выдатная магчымасць ладзіць абрады, звязаныя з «Купаллем»: пошук Папараць-кветкі (папаратнік, дарэчы, яшчэ і ўпісаны ў сімволіку Маладзечна), плесці вяночкі і запускаць іх па вадзе.

Так на падставе аднаго помніка ў адным горадзе можна стварыць цэлы культурны свет.

І «Дажынкі» якраз такая падзея, якая можа ўсе гэтыя працэсы запусціць. Што зробіць горад яшчэ больш адметным у плане культуры, дасць новы я працоўны я месц ы , пры добрым бізнес-плане — прыбытак у бюджэт горада, і скульптура (хоць і часткова) сама заробіць на сваё ўтрыманне.

Калі зямля ў цэнтры Маладзечна пачне працаваць на эканоміку?

Ажывіць «Дажынкі» маглі б і яшчэ два аб’екты спадчыны. У Маладзечне – дзве плошчы, адна з іх называецца Цэнтральная, і па сутнасці з’яўляецца ёй. Другая – Старое месца, гістарычны цэнтр Маладзечна . Тут стаіць царква, а вакол плошчы – некалькі будынк аў з гісторыямі. Таксама недалёка – замаскіраваная пад адміністрацыйны будынак былая сінагога.

Г эт ую частку горада можна было б аформіць ў стылі пачатку XX ст агоддзя . Аднак Маладзечна быў заснаваны ў XIV ст., і таму другі варыянт працы з гэтай часткай горада – насыціць яе позднесярэднявечнай атмасферай. Там адразу і зямля ў кошце падымецца, што для эканомікі горада будзе карысна.

Другое культурнае месца, вартае актуалізацыі — гэта замак, які знаходзіўся недалёка ад цяперашняга Маладзечна . Ад замка засталося толькі месца, але, каб зрабіць з яго культурны аб’ект, неабязкова выбудоўваць сцены нано ў . Зыходзячы з сусветнага вопыту, як варыянт, выкласці па перыметр ы былых сцен брукаваныя сцежкі. Так, як былі акрэслены крэйдай дамы ў фільме «Догвіль». Ужо гэта акультурыць месца, і тады можна вазіць туды экскурсіі і прадаваць сувеніры.

Адз іныя крамянёвыя шахты ў свеце?

Адна з нашых каштоўнасцей – шэраг гарадоў з 1000-гадовай гісторыяй. Сярод іх – Ваўкавыск, які быў заснаваны ў 1005 г одзе .

Фота Аляксея Чубата

Першае ўражанне, якое фармуецца ад кантактаў з сённяшнямі жыхарамі Ваўкавыска – у ім вельмі мала спадчыны. Яшчэ дадаць трохі песімізму – і горад успрымецца як забыты Богам кут. Хаця Ваўкавыск варты сёння іншага .

Што ж такога ёсць у Ваўкавыску, што магло б завабіць турыста? У першую чаргу, крамянёвыя шахты, дзе здабыча крэмнія вялася каля 10 тысяч год таму. Магчыма, гэта адзіныя такія шахты ў свеце.

Фота volkovysk.by

Недалёка — рака Рось, дзе была стаянка старажытнага чалавека. Таксама каля горада ёсць гарадзішчы Муравельнік, Шведская гара і Замчышча, якія датуюцца Х ст агоддзем .

Зразумела, амаль ніхто не паедзе самастойна шукаць гэтыя аб’екты – спадчыну сённяшняму чалавеку трэба спачатку прынесці на талерачцы як мінімум з дапамогай спланаванага PR . Ды і самі месцы ўладкаваць годна: і «Дажынкі» могуць рэалізоўваць такія міні-праекты.

Ключавым этапам беларускай і ваўкавыскай гісторыі з'яўляецца летапіс пра тое, як Ягайла са сваёй дружынай жыў два тыдні ў Ваўкавыску, чакаючы полькіх паслоў, што везлі яму грамату на каранацыю. З Ваўкавыска ён і паехаў каранавацца. Вось вам поле для працы з польскім турыстам.

Маецца таксама адна царская казарма 1885 г. пабудовы. У гэтым статусе яна перажыла Першую с усветную вайну і рэвалюцыі 1917 года. З першых месяцаў Другой с усветнай вайны казарма ператварылася ў лагер для савецкіх ваеннапалонных. Затым, на працягу трох месяцаў, у ёй было гета. Апісаныя факты можна выкарыстоўваць для стварэння тут культурна-гістарычнага аб'екта з гуманістычным, агульначалавечым мессэджам.

Таксама ў 30 км ад Ваўкавыска нарадзілася беларуская паэтка і нацыянальны дзеяч Ларыса Геніюш. Усё яе жыццё (акрамя трагічнай старонкі, звязанай з ГУЛАГам) прайшл о на гэтай зямлі : у школу яна хадзіла ў горадзе, а пасля вяртання з месцаў зняволення, дзе знаходзілася па палітычных матывах, да канца жыцця жыла ў гарадскім пасёлку Зэльва. Ёсць на гэтай зямлі і іншыя людзі, факты і аб’екты, вартыя ўвагі спецыялістаў і турыстаў.

Турыст не паедзе глядзець спартыўна-аздараўленчы цэнтр – мы будуем іх для сябе. Але Беларусь, якая ўпісана ў еўрапейскую гісторыю, з’яўляецца пакуль terra incognita для замежных турыстаў, і нават для беларускіх экскурсантаў – вось дзе ралля для працы. Уключэнне ў план «Дажынак» развіцця культурна-гістарычнай спадчыны і турызма паспрыяла б ажыўленню парасткаў спадчыны. Пасля гэтага можна ўбачыць лёгкія абрысы турыстычнага, інвестыцыйнага і культурна-сацыяльнага патэнцыялу гарадоў.

Пра аўтара

Спецыяліст па PR і брэндынгу, сябр Міжнароднага ПЭН-цэнтра. Прымаў удзел у даследаванні «Дажынак», арганізаваным Лятучым Універсітэтам, калі ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі гісторыкі, культуролагі, сацыёлагі і біёлаг, праехалася з навуковай экспедыцыяй па былых сталіцах «Дажынак».

  • Оцени статью: