Чаго не хапае дзецям у дашкольных установах? (відэа)

Напярэдадні ўвядзення новай навучальнай праграмы дашкольнай адукацыі «Заўтра тваёй краіны» распытвае маладых бацькоў пра хібы і перавагі дзіцячых садкоў, а таксама высвятляе, ці варта ўвогуле аддаваць у іх дзяцей.

Насамрэч з увядзеннем у лістападзе-снежні новай праграмы для дашкольнікаў існуючы навучальны працэс ў садках амаль не зменіцца. У Міністэрстве адукацыі не ўтойваюць: знікненне «Пралескі » спатрэбілася дзеля адпаведнасці дакументацыі Кодэксу аб адукацыі. Змены датычаць у асноўным не зместу, а структуры і тэрміналогіі.

Аднак бацькі ўпэўненыя: сістэме дашкольнай адукацыі патрэбныя рэформы.

Больш грошай на садкі

— Усе дзіцячыя садкі ў краіне мусяць мець аднолькавы ўзровень, не важна, дзе яны знаходзяцца, — у Белазёрску, Мінску ці Рагачове. Персанал мусіць быць аднолькава кваліфікаваным, а ўмовы — роўнымі. Пакуль узроўні розняцца, — адзначае бацька дваіх дзяцей, тэлевядучы Дзяніс Кур’ян.

Настаўніца Людміла Пікірэня марыць, каб у садках дзецям дазвалялі гуляць з прыгожымі цацкамі. А такое магчыма толькі ў выпадку больш шчодрага фінансавання. Сын Людмілы наведвае ўжо другі садок. Таму бацькі могуць параўноўваць.

— Кожны год мы збіраем грошы на сурвэткі, паперу, кніжкі, цацкі. Групы даволі бедныя. Цацак мала. Цацкі ёсць добрыя, каляровыя, але яны стаяць у асноўным для праверак, дзецям з імі гуляць не дазваляюць, — адзначае Людміла.

Больш увагі дзецям

Бацькам яшчэ хацелася б, каб выхавацелям падвысілі заробкі і зменшылі аб’ёмы іх папяровай працы — тады тыя больш рупліва ставіліся б да дзяцей.

Яшчэ няблага было б паменшыць колькасць дзяцей у групе да 15 чалавек.

— Чым менш, тым лепш, — даводзіць сваю пазіцыю Дзяніс Кур’ян. — Мяркуецца, што выхавацель больш часу надзяляе твайму канкрэтнаму дзіцяці.

Але не факт, што патрэбна, каб дзяцей было зусім мала, бо ў іх мусіць быць магчымасць абраць сабе сяброў, сацыялізавацца.

У дзіцячы садок без чаргі!

Валянцін і Кацярына Сакалоўскія свайго сына толькі рыхтуюць да наведвання садку, але ўжо сутыкнуліся з праблемай дэфіцыту месцаў у дашкольных установах.

— Трапіць у садок, што пад нашымі вокнамі можна будзе толькі праз пяць гадоў — чэргі, — тлумачыць Валянцін Сакалоўскі. — Мы вырашылі памяняць чаргу на садок у іншым раёне горада. Ніякі ён не элітны, пабудаваны ў 1980-я гады. Два разы на тыдзень аддаем малога ў падрыхтоўчую групу, каб гуляў з дзецьмі. Такі аспект сацыялізацыі.

Гнуткія навучальныя праграмы

Самае галоўнае, што трэба памяняць у дзіцячых садках у Менску — гэтыя жорсткія праграмы, лічыць мэнэджэр Валянцін Сакалоўскі.

— Дзіцёнак у два-тры гады яшчэ шмат чаго не разумее, яму яшчэ цяжка дысцыплінавана штосьці рабіць, але выхавацелька мае план і павінна яго выконваць. Калі зазірне загадчыца і ўбачыць, што дзіця, якому па плане трэба маляваць, лепіць з пластыліна, то ў выхавацелькі будуць праблемы. Я лічу што больш увагі трэба надаваць дзецям: менш групавой працы, больш індывідуальнай.

Дзяніс Кур’ян да абавязковых праграм ставіцца больш спрыяльна:

— Я думаю, элемент абавязковасці мусіць прысутнічаць, бо інакш да школы падрыхтавацца складаней: чым бліжэй да выпуску з дзіцячага садочку, тым больш пэўны патрэбны расклад. Добра, калі дзяцей загружаюць і развіваюць слоўнікавы запас, уменне мысліць, маторыку. Натуральна, што на выхавацеляў, якія не проста прыглядаюць за дзіцём, сёння трэба маліцца, рабіць усё магчымае, каб стымуляваць іх. Напрыклад, прасіць кіраўніцтва прэміраваць.

Што датычыцца дадатковых магчымасцяў, то безумоўна было б добра, каб у садку быў басейн. У тым садку, куды ходзіць сын тэлевядучага, ёсць некалькі заняткаў кожны дзень: фізкультура, рытміка, матэматыка, далей будуць заняткі па англійскай мове.

— Я думаю, гэта слушна, — адзначае Дзяніс .

Далоў садок, вучыся дома!

Актор Купалаўскага тэатру Павел Харланчук з жонкай Ганнай абралі для сваіх дзяцей: трох дачок і сына хатняе навучанне. Дочкі дашкольнага ўзросту не наведваюць садок, сын -трэцякласнік вучыцца дома.

— Самае скаладанае на шляху самаадукацыі тое, што да кожнага дзіцёнка трэба знайсці свой падыход і навучыць яго займацца самастойна. Наша сям’я мае адукацыйны стандарт, і мы хочам укласці яго ў нашых дзяцей.

Што думаюць пра садкі бацькі і дзеці — падрабязна ў нашым сюжэце.

+ Колькі часу праводзяць дзеці ў дзіцячых садках, чым яны там займаюцца і колькі грошай выцякае на гэта з кішэняў бацькоў

  • Оцени статью: