Як патрапіць на балет без візы?

Бясплатную турыстычную візу за квіток у оперу коштам ад 10 да 45 злотых плануе прапанаваць беларусам у новым сезоне Падляская опера і філармонія ў Беластоку. Ці гатовыя бязвізавым шляхам прыцягваць новых наведнікаў беларускія культурніцкія ўстановы, высвятляе «Заўтра тваёй краіны».

Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета з'яўляецца сёмым па турыстычнай папулярнасці месцам сталіцы. Cёлета ён распачаў 80-ты сезон. Аднак адкуль едуць госці ў тэатры не адсочваюць: наўпроставых праграм, разлічаных на візавую падтрымку тут няма.

— Звычайна браніраванне квіткоў для турыстычных груп выконваюць турфірмы, —адзначаюць у аддзеле рэкламы.

Такім жа чынам наладжаная праца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

У Мірскім замкавым комплексе замежнікаў падлічваюць. Па дадзеных аддзелу турызму, зазвычай дастапомнасць наведваюць аўтобусныя туры з бліжэйшага замежжа — найперш Расіі, затым Літвы, Украіны, Польшчы. Малыя экскурсійныя групы — не болей за 10 чалавек — прыязджаюць з Амерыкі, Англіі, Францыі ды іншых краін. Аднак усе візавыя турботы і тут прымаюць на сябе турыстычныя фірмы.

Інакш у Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Калі турфірма ці арганізацыя заяўляе аб жаданні наведаць парк, турыстычны аддзел дасылае хадайніцтва ў беларускі консульскі аддзел краіны, з якой мусіць прыехаць турыстычная група. Гэта займае не больш за суткі, аднак магчымасці бесплатнага атрымання візы не прадугледжвае. Ды і групы з Еўропы ў Нацпарк прывозяць адпаведна не беларускія тураператары.

Між тым, каб наведаць нашу краіну, замежніку за аднаразовую візу неабходна заплаціць ад 40 да 140 даляраў. Менавіта таму асноўная плынь турыстаў зараз ідзе ў Беларусь з Расіі ды Украіны. Адтуль, да прыкладу, 95 адсоткаў замежных кліентаў тураператара «Віаполь», які займаецца прыцягненнем турыстаў у Беларусь. На асобныя культурніцкія мерапрыемствы кліенты не едуць, хаця і ўключаюць у экскурсійны комплекс наведванне таго ці іншага музею ці тэатру.

Затое самі беларусы такога кшталту паслугамі карыстаюцца актыўна. Дастаткова ўзгадаць музычныя фестывалі і асобныя канцэрты замежных і айчынных гуртоў, якія праходзяць у блізкім і далёкім замежжы.

Ці палюбяць Беларусь турысты, калі прапанаваць ім бясплатную візу як бонус да квітка у тэатр ці на канцэрт?

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 12
  • "ПРОТИВ" : 0