Якіх форумаў не хапае беларускім навукоўцам?

Беларускім навукоўцам бракуе належнай камунікацыі як унутры краіны, так і з замежжам. Другі Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, што адбудзецца 28-30 верасня ў Каўнасе, — спроба пераадолець ізаляцыю ў межах акадэмічнай супольнасці.

— Беларусь выключаная з розных еўрапейскіх праграм, нават з Балонскага працэсу. Гэта насамрэч значныя абмежаванні магчымасцяў навукоўцаў камунікаваць з калегамі за мяжой. Для пазбаўлення ад ізаляцыі існаванне пляцовак, дзе можна прадставіць свае даследванні і даведацца пра даследаванні іншых — гэта, канешне, важна, — лічыць кіраўнік Інстытута палітычных даследванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

У Беларусі хапае навуковых форумаў, але няма магчымасці абмяркоўваць праблемы жыцця грамадства свабодна.

— Яны альбо разглядаюцца на ўзроўні афіцыёза, альбо ўяўна адзначаецца апазіцыйна-крытычны пункт гледжання. А ў сапраўднай навуцы, скіраванай на выпрацоўку і тэарэтычную сістэматызацыю аб’ектыўных ведаў аб рэчаіснасці, нельга перагібаць палку, — адзначае кандыдат гітсарычных навук Валянцін Голубеў. — Навука заснаваная на дакладных крыніцах ці на рэальных фактах жыцця. Усё астатняе — гэта не навука.

На Кангрэсе даследчыкаў Беларусі гісторык збіраеца выступіць з двума дакладамі. Адзін прысвечаны праблемам канстытуцыйнага будўніцтва ў Беларусі (Валянцін Голубеў — адзін з аўтараў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года). Другі выступ знакамітага навукоўцы — пра гарады з Магдэбургскім правам у Беларусі .

— Пытанні, якія будуць уздымацца падчас Кангрэса, важныя і актуальныя. Але лепей было б, калі б праводзіўся ён у Беларусі, — падкрэслівае Валянцін Голубеў. — А тое, што пакуль навукоўцам даводзіцца сустракацца ў Літве, паказвае стан і нашай дзяржавы, і нашага грамадства.

Уладзімір Мацкевіч: Мы не ведаем краіну, у якой жывем

— Расцярушанасць, няўзгодненасць розных навуковых падыходаў, нейкіх ініцыятыў у Беларусі пакуль не вырашаюць галоўную праблему — праблему веды пра Беларусь, — лічыць кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. — То бок мы не ведаем дакладна краіну, у якой жывем. Беларусь не вывучана, асабліва ў яе сучасным стане, так, каб гэтай ведай можна было кіравацца дзеля ўладкавання нашай краіны, каб яна была такой, як мае быць.

Чаго не стае беларусам — дык гэта прамыслівання не толькі штодзённай сітуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь, але і беларускай навукі ў кантэксце сусветнай — дзе мы знаходзімся, чым займаемся і чаму адарваныя ад усяго астатняга свету. Доктарка тэалогіі Ірына Дубянецкая лічыць Кангрэс магчымасцю вярнуцца ў міжнародны гуманітарны кантэкст.

— Розныя дысцыпліны беларусістыкі існуюць нібыта самі па сабе, адарваныя ад агульначалавечай цывілізацыі. Трэба вельмі ўважліва разам паглядзець, хто мы ёсць і дзе мы ёсць, — разважае Ірына Дубянецкая. — Гэта заганная ідэя — даганяць кагосці. Трэба не даганяць, а прапаноўваць тое, што яшчэ не прапаноўвалася ў свеце. Калі мы зірнем на Беларусь з Еўропы, Амерыкі ці Аўстраліі, то заўважым, што ім проста нецікава, што робіцца тут. Калі Беларусь будзе годна прадстаўленая ў сусветным гуманітарным кантэксце, то мы будзем бачныя з іншых кропак свету.

Даведка «Заўтра тваёй краіны»

У арганізацыйны камітэт кангрэса паступіла беспрэцэндэнтная колькасць заявак — больш за 400. Сярод удзельнікаў мерапрыемства — даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Чэхіі, Расіі, Канады, Францыі, Фінляндыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Японіі, Малдовы, Нідэрландаў, Румыніі, Швецыі і ЗША. У тым ліку: вядомы брытанскі славіст Арнольд Макмілан, вядомы славіст і перакладчык, старшыня брытанска-беларускага таварыства Джым Дзінглі, даследчык Беларусі і Польшчы з Японіі Макота Хаясака, вядомы даследчык ВКЛ з Расіі Міхаіл Дмітрыеў, расійскі гісторык (19 ст.) Аляксей Мілер, беларускі рэжысёр Кудзіненка, вядомы дзеяч беларускай культуры на эміграцыі Аляксандр Надсан і інш.

Арганізатары і партнёры Кангрэса: Універсітэт Вітаўта Вялікага (Літва), Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» (Беларусь), Інстытут Вялікага княства Літоўскага (Літва), Міжнародны Кансорцыум «ЕўраБеларусь» (Беларусь), Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (Беларусь), і нтэрнэт-часопіс «Новая Еўропа» (Беларусь), Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы пры Варшаўскім Універсітэце (Польшча), Агенцыя гуманітарных тэхналогій (Беларусь), Цэнтр сацыяльных інавацый (Беларусь), сайт экспертнай супольнасці «Наше мнение» (Беларусь), н яўрадавая арганізацыя «Цэнтр усходняй палітыкі» (Літва), часопіс «Arche» (Беларусь), і нтэрнэт-часопіс «BelarusDigest» (Вялікабрытанія).

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі»

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 7
  • "ПРОТИВ" : 0