Эксперт: Перад асноўным днём галасавання пачнецца ідэалагічная бамбардзіроўка

Кандыдаты ў дэпутаты фактычна завяршылі агітацыйную кампанію ў медыях. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) правяла маніторынг 17 дзяржаўных і незалежных СМІ. Выснова нечаканая: СМІ і нават дзяржаўныя ідэолагі стаміліся ад выбараў.

Ціхія выбары

Сёлетняя выбарчая кампанія самая сумная за ўсю гісторыю беларускага парламентарызму, адзначае кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка. У медыях фактычна не было «чорнага піяру» на кандыдатаў у дэпутаты. Апошнія два тыдні дзяржаўныя СМІ ўвогуле імкнуліся зменшыць напал выбарчай барацьбы і дэпалітызаваць працэс.

Зараз у беларускіх СМІ ідэалагічны штыль. Але эксперты прагназуюць хуткую бамбардзіроўку.

Тэме выбараў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі надавалася зусім мала ўвагі. У «Панараме» на канале Беларусь 1, да прыкладу, у самую гарачую перадвыбарную пару на гэтую падзею прыйшлося 1,88% часу.

У «Навінах» на АНТ — 1,25%

Пра саміх кандыдатаў у дэпутаты паведамлялася і таго менш. Асноўнымі дзеючымі асобамі ў матэрыялах пра выбары былі Аляксандр Лукашэнка і Цэнтрвыбаркам. Вось як гэта выглядала ў газеце «СБ. Беларусь сегодня».

Незалежныя медыі больш актыўна інфармавалі пра кандыдатаў у дэпутаты. Напрыклад, інтэрнэт-выданне Naviny. by асвятляла дзейнасць 31 суб’екта выбарчай кампаніі:

«Народная воля» пісала, альбо ўзгадвала пра 8 дзеючых асобаў выбарчага працэсу, «Наша ніва» – пра 6.

А вось меркаванні саміх выбарцаў наконт праграмаў кандыдатаў адсутнічалі амаль ва ўсіх медыях. Як адзначыў Алесь Анціпенка, падчас маніторынгу была зафісавана практычна татальная адсутнасць у медыя меркаванняў выбарцаў датычна праграм кандыдатаў ды іх стаўлення да сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем беларускага грамадства. На думку эксперта, дэвальвацыя выбарчай інфармацыі ў свядомасці людзей звязана з істотнымі зменамі ў настроях грамадства: значная частка беларусаў не верыць, што зможа нешта змяніць шляхам выбараў.

Апроч таго, шмат хто пазбягае публічна выказваць свае меркаванні, бо палітыка ў Беларусі – справа небяспечная, і людзі баяцца.

Выбарам бракуе драматызму

На думку медыяэксперта цікавасць да цяперашніх выбараў істотна зменшылася таксама з-за таго, што ў парламенцкай кампаніі не хапае драматызму. Няма сутыкнення поглядаў, палітычных платформаў, журналістам зазвычай прапануюць тэхнічную інфармацыю пра дзейнасць ЦВК, якая не цікавіць электарат.

Найбольш вострыя выступы апазіцыйных кандыдатаў не патрапілі ў эфір ці на старонкі дзяржаўных газет. Па звестках старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, цэнзура не дапусціла ў эфір 32 звароты кандыдатаў ад АГП, а дзяжаўныя выданні адмовіліся друкаваць 11 перадвыбарчых праграмаў прадстаўнікоў гэтай партыі. Пераважная большасць дэбатаў праходзіла ў сціслым фармаце. Нярэдка самі кандыдаты адмаўляліся браць у іх удзел. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці, дзе налічваецца 13 выбарчых акругаў, у дэбатах на тэлебачанні ўзялі ўдзел толькі кандыдаты з чатырох акругаў, а на радыё – толькі з трох.

— У мяне такое адчуванне, што і СМІ, і дзяржаўныя ідэолагі, таксама ўжо стаміліся ад выбараў. Зараз у Беларусі назіраецца ідэалагічны штыль. Але ён скончыцца перад асноўным днём галасавання. Напярэдадні 23 верасня пачнецца ідэалагічная бамбардзіроўка, — прагназуе Алесь Анціпенка.

  • Оцени статью: