Улада стварае медыяхолдынг, але не жадае мадэрнізаваць медыясферу

Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі на сустрэчы з калектывам пружанскай газеты «Раённыя буднi» паведаміў, што вядзецца праца па стварэнні грамадска-палітычнага выдавецкага дома, у які ўвойдуць пяць асноўных дзяржаўных газет краіны. Эксперты скептычна ацэньваюць гэту ініцыятыву і мяркуюць, што яна наўрад ці будзе паспяховай.

Яны таксама адзначаюць, што ўлада не жадае і наўрад ці здольная ў прынцыпе ісці на сапраўднае рэфармаванне медыясферы, яе мадэрнізацыю.

Праляскоўскі, у прыватнасці, расказаў, што ў новы холдынг увойдуць «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Рэспублiка», «Белорусская нива» и «Знамя юности». Што да назвы выдавецкага дома і газеты, якая будзе яго прадстаўляць, то вырашана, што гэта не будзе «Советская Белоруссия». Цяпер, паведаміў міністр, пытанне назвы прапрацоўваецца.

Ён адзначыў, што рэарганізацыя газет не пацягне за сабой скарачэння журналістаў, якія ў іх працуюць.

Паводле слоў Праляскоўскага, «Беларусь — краіна невялікая, і ў нас не так шмат навін і падзей, таму рэспубліканскія газеты шмат у чым дубліруюць адзін аднаго, пішуць пра адно і тое ж. Пры стварэнні адзінага выдавецкага дома з`явіцца магчымасць манеўру рэдакцыйнай палітыкі. І самае галоўнае: у краіне з`явіцца адзіны дзяржаўны друкаваны орган — сур`ёзны, вялікі, аўтарытэтны».

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец скептычна ацэньвае гэты праект. У інтэрв`ю БелаПАН Бастунец падкрэсліў: і яго асабістая пазіцыя, і пазіцыя БАЖ заключаецца ў тым, што дзяржаўных СМІ ў прынцыпе не павінна быць.

«Гэта дарога, якая вядзе ў нікуды. СМІ не могуць быць дзяржаўнымі, бо ў гэтым выпадку яны ператвараюцца ў зброю прапаганды, замест таго каб быць сродкам давання аб`ектыўнай, дакладнай і поўнай інфармацыі. Магчыма, такое аб`яднанне для бюджэту краіны будзе лягчэйшым, але для насельніцтва ў плане атрымання інфармацыі лепшым не стане», — перакананы прадстаўнік БАЖ.

У сваю чаргу, медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі адзначае, што ідэі аб`яднання выданняў у канцэрны і холдынгі перыядычна ўзнікалі, ставячы мэту скараціць бюджэтнае фінансаванне.

«Ужо аб`ядноўвалі выданні на базе газеты «Лiтаратура i мастацтва». Нягледзячы на аб`яднанне ў холдынг, яны заставаліся непрыбытковымі, — нагадаў суразмоўца. — Цяпер палічылі, што агульнай прыкметай гэтых выданняў з`яўляецца беларуская мова, і таму вырашылі іх аб`яднаць з газетай «Звязда». «Звязда», увогуле, з`яўляецца прыбытковай газетай, прынамсі, канцы сточвае. Магчыма, за гэты кошт спрабуюць зняць дадатковыя расходы з бюджэту на выданне газет па тэматыцы культуры».

Пры гэтым Быкоўскі адзначае, што ў выпадку з грамадска-палітычнымі газетамі пытанне будзе вырашацца больш складана.

«Тут гаворка ідзе аб тым, каб забраць у заснавальнікаў гэтыя СМІ, а заснавальнікі вельмі розныя — гэта і Савет міністраў, і працоўны калектыў «Народнай газеты» (валодае 49% акцый). Юрыдычна ўсё гэта вырашыць будзе няпроста. Хутчэй за ўсё, з`явіцца нарматыўны акт, і акцыянеры прагаласуюць за перадачу акцый дзяржаве, як гэта ўжо было ў некаторых гаспадарчых суб`ектах», — мяркуе эксперт.

Быкоўскі скептычна ацэньвае магчымасць зэканоміць дзяржаўныя сродкі дзякуючы аб`яднанню газет. Паводле яго слоў, гэты праект не выглядае эканамічна цікавым і наўрад ці зможа абысціся без бюджэтнага фінансавання. «Калі ўлічыць сказанае Праляскоўскім, што не будуць скарачацца супрацоўнікі і адначасова будзе аб`яднанне ў нейкі адзін кіраўнічы цэнтр, то гэта задача не мае рашэння», — лічыць Быкоўскі.

Пры гэтым эксперты адзначаюць, што ў Беларусі трэба рэфармаваць усю медыясферу. І такую канцэпцыю рэфармавання даўно ўжо распрацавалі ў БАЖ. Паводле слоў Андрэя Бастунца, гэта канцэпцыя з`явілася яшчэ нават да прыняцця цяперашняга закона аб сродках масавай інфармацыі. «Яна мела на ўвазе ў тым ліку і рэфармаванне самога закона пра СМІ, і сумежных прававых актаў, і раздзяржаўленне СМІ, сістэмы распаўсюджвання і друкавання выданняў, а таксама стварэнне грамадскага тэлебачання», — сказаў намеснік старшыні БАЖ.

Але важна разумець, падкрэслівае Бастунец, што ажыццявіць усё гэта магчыма толькі ў выпадку змянення ўзаемаадносін дзяржавы і грамадства, а прама кажучы — палітычнай сітуацыі ў краіне.

Бастунец адзначыў, што яшчэ ў першай палове 2000-х гадоў, у часы дзейнасці апазіцыйнай групы «Рэспубліка» ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у БАЖ былі спробы ўнесці ў парламент свой праект альтэрнатыўнага закона аб СМІ, але яны не мелі поспеху — праект да разгляду не прынялі. Паводле яго слоў, БАЖ яшчэ раз паспрабуе ўнесці свае прапановы на разгляд пасля абрання новага парламента.

«Мы ўжо звярталіся ў Міністэрства інфармацыі, пракуратуру, органы міліцыі з прапановамі перагледзець практыку прымянення дзейнага закона аб СМІ і паказвалі тыя змяненні, якія ў яго неабходна ўнесці, — расказаў Бастунец. — Акрамя таго, у нас падрыхтаваны праект змянення пэўных норм дзейнага заканадаўства, і хоць гэтых карэктыў мала, каб рэфармаваць медыясферу ў Беларусі, гэта можа стаць першым крокам. Найперш гаворка ідзе аб унясенні змяненняў у закон аб СМІ, у нарматыўныя акты, якія рэгулююць інтэрнэт, закон аб дзяржаўных сакрэтах, Крымінальны кодэкс, Грамадзянскі кодэкс».

У цэлым жа, адзначае Бастунец, ёсць некалькі ключавых болевых кропак у медыясферы ў Беларусі. «Тут варта яшчэ раз паўтарыць, што сам па сабе закон аб СМІ падлягае карэннаму перагляду, таму што няправільны падыход закладваўся першапачаткова пры яго стварэнні, — падкрэсліў суразмоўца. — Але самыя болевыя кропкі — гэта і момант рэгістрацыі СМІ, і дзейнасць журналістаў-фрылансераў, і карэспандэнтаў, што супрацоўнічаюць з замежнымі выданнямі, і доступ да інфармацыі, і акрэдытацыя журналістаў, і, урэшце, санкцыі, якія закладзены ў законе і ў адпаведнасці з якімі можна закрыць выданне за два самыя нязначныя папярэджанні на працягу года».

Акрамя таго, сказаў Бастунец, неабходныя і змяненні Крымінальнага кодэкса, бо там ёсць шэсць артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і абразу. «Мы выступаем за дэкрыміналізацыю такіх складаў злачынства», — растлумачыў прадстаўнік БАЖ.

У сваю чаргу, Паўлюк Быкоўскі лічыць, што і з новым складам парламента, куды ўвойдуць прыхільнікі цяперашняй улады, спробы БАЖ унесці на разгляд свае праекты пацерпяць фіяска. «Я сумняваюся, што ў парламенце, дзе будуць дэпутаты, лаяльныя рэжыму, возьмуцца разглядаць прапановы, якія яўна накіраваныя супраць ідэалагічнай вертыкалі, якую пабудаваў правячы рэжым», — растлумачыў медыэксперт.

Пры гэтым і Бастунец, і Быкоўскі адзначаюць, што ў ініцыятыве ЕС «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» павінна быць месца і для абмеркавання праблем СМІ.

«Думаю, там павінна быць месца і для працы над гэтымі праблемамі, — сказаў Бастунец. — Без зруху сітуацыі ў сферы СМІ цяжка разлічваць на тое, што інфармацыя пра падзеі будзе данесена да грамадзян. У прынцыпе, гэта тэма ёсць, яна абмяркоўваецца, але пакуль яна не выносіцца на першыя месцы ў гэтым дыялогу».

Пры гэтым Бастунец падкрэсліў, што цяпер наогул цяжка гаварыць, што можа зрабіць Еўропа для змянення сітуацыі ў Беларусі. «Зразумела, што гэта сітуацыя найперш павінна змяняцца ўнутры краіны. Але, ва ўсякім разе, спроба данесці інфармацыю пра агульнапрынятыя стандарты ў тых краінах, з якімі Беларусь суседнічае ў еўрапейскім рэгіёне, павінна садзейнічаць змяненню сітуацыі да лепшага», — мяркуе намеснік старшыні БАЖ.

Быкоўскі ж адзначае, што ў межах «Дыялогу аб мадэрнізацыі» гаворка можа ісці аб распрацоўцы законапраектаў, а можа — пра нейкі аналітычны кірунак. «Але паколькі прадстаўнікі дзяржавы пакуль не выказваюць жадання ўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве ЕС, то практычнай рэалізацыі нейкіх рэчаў з гэтай ініцыятывы цяжка чакаць», — лічыць суразмоўца.

Разам з тым аналітык не выключае, што пасля змены кіраўніка МЗС афіцыйны Мінск паспрабуе пачаць адносіны з Еўропай з чыстага ліста.

«Прынамсі, зрабіць выгляд, што ўсё, што было да прызначэння новага міністра, не было пад яго адказнасцю. Дзякуючы гэтаму тэарэтычна магчымае ўключэнне афіцыйных улад Беларусі ў гэты дыялог», — рэзюмаваў Быкоўскі і падкрэсліў, што асабіста ён не вельмі верыць у такую перспектыву.

  • Оцени статью: