Калі беларусы адчуюць смак натуральнай ежы? (фота)

Кавуны, казінае малако, бульба ды маліна ў... мастацкай галерэі. Экалагічная гаспадарка як з’ява мастацтва і мастакі як рэкламшчыкі здаровага ладу жыцця — гэта Агра-культурны фэст, што адбываецца зараз у Галерэі Ў пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Экадом».

Гэта той рэдкі выпадак, калі вытворцы экалагічна чыстых прадуктаў сабраныя разам — зазвычай ні ў крамах, ні на кірмашах вы не знойдзеце асобных палічак з гароднінай, якую вырасцілі без выкарыстання хімічных рэчываў.

Напрыклад, адна з наведніц фестывалю са здзіўленнем высветліла, што набывала экагародніну, пазнаўшы сярод фермераў фэсту гаспадара ўлюбёнай «кропкі» на Камароўскім рынку.

Ігар Хвашчэўскі з жонкай пачалі самастойна вырошчваць гародніну два гады таму, калі ў іх дзяцей пачалася моцная алергія на прадукты харчавання. Тое, што не адолелі з’есці самі, ішло на продаж. Так і сталі фермерамі.

— Немагчыма займацца двума справамі адначасова: і працаваць на зямлі, і прадаваць прадукт. Проста не стае часу. Аднак, на жаль, рынак у гэтай галіне яшчэ не сфармаваны — няма сегменту, які б займаўся прасоўваннем экапрадуктаў, — тлумачыць нераскручанасць уласнага брэнду Ігар Хвашчэўскі.

Апроч недахопу рэкламы, вытворцы заўважаюць, што і пакупнік не гатовы плаціць вышэйшы кошт за чысціню і якасць прадукту. А з улікам таго, што арганічная гаспадарка выходзіць на рэнтабельнасць павольней — толькі пераходны перыяд ад «хуткай» гаспадаркі займае каля трох год — экафермеры маюць вялікую патрэбу ў падтрымцы дзяржавы.

А яе, як адзначае адмыслоўца «Экадома» Святлана Семенас, не дастаткова. Да таго ж у нашай краіне няма адмысловай службы сертыфікацыі.

— Фермеры за свой кошт праходзяць еўрапейскую сертыфікацыю, што зусім не танна. Можна таксама атрымаць дыплом нашай арганізацыі. На дадзены момант з намі супрацоўніча юць каля двух дзясяткаў фермераў, але, хочацца верыць, што іх значна больш, — распавядае Святлана.

Менавіта сертыфікацыя дае пакупніку гарантыю якасці прадукту.

Але, як прызналася большасць наведнікаў, не ўсе маюць звычку сачыць за тым, наколькі экалагічны прадукт яны спажываюць.

Гэта заўважаюць і фермеры. 

— У нас пакуль не сфармаваная культура харчавання, хаця імкненне да гэтага ўжо ёсць, — кажа гаспадар з Берасцейшчыны Аляксандр Іманюк.

Тыя ж, хто звяртаюць у вагу на чысціню прадуктаў, у асноўным выбіраюць візуальна — замест прыгожых, аднолькавых, васкаваных яблыкаў, роўненькіх агуркоў, несіметрычныя і «крывенькія», але з водарам і натуральным колерам.

Але апроч інтуітыўнага шляху ёсць і больш надзейныя:

— набываць прадукцыю з лагатыпам арганічнай сельскай гаспадаркі (абавязкова з рэквізітамі арганізацыі, якая сертыфікавала, проста словаў «эка» ці «біа» недастаткова) ці лагатыпам сябраў «Экадома»;

— займець знаёмых і правераных фермераў;

— вырошчваць самастойна.

У Беларусі пакуль існуе толькі адна крама, якая спецыялізуецца на продажы прадуктаў арганічнай сельскай гаспадаркі . А таму — свабодная каса! То бок сфера.

Як гэта смачна і карысна на фэсце і распавядаюць, і паказваюць, то бок — частуюць, дадаткова прывабліваючы музыкай і перфомансамі.

  • Оцени статью: