Беларусы гатовыя да пасіўнай беларусізацыі

Беларусы гатовыя глядзець фільмы на беларускай мове — «за» выступае 36,1% рэспандэнтаў. Калі ж гаворка ідзе пра сферы, дзе патрэбнае актыўнае валоданне мовай (уменне гаварыць, пісаць), як, напрыклад, пры карыстанні мовай на працы, «за» — толькі 18,2% апытаных.

Няхай і ў «пасіўнай» форме, але беларусізацыя ў краіне можа праводзіцца — такія высновы робяць эксперты на падставе дадзеных, атрыманых падчас праведзенага ў сакавіку 2012 года ГКК «Будзьма беларусамі!» і лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў «Новак» сацыялагічнага апытання што да стаўлення беларусаў да беларускай мовы.

Спадзяванні на плён даюць красамоўныя змены ў стаўленні беларусаў да пашырэння ўжытку беларускамоўнай рэкламы: калі ў 2009 толькі 37% беларусаў хацелі бачыць больш рэкламы па-беларуску, то цяпер пазітыўна ацэньваюць беларускамоўную рэкламу ажно 55,6%.

Калі ж увогуле ацэньваць стаўленне беларусаў да ўжытку мовы, то можна зрабіць выснову, што беларусы пераважна пазітыўна ставяцца да выкарыстання мовы ў сям’і (51,18%), з сябрамі і калегамі (51,1%), у СМІ (55,4%), у афармленні гарадоў і вітрынаў (64,1%), у рэкламе (55,6%), у палітыцы і дзяржаўным кіраванні (50,1 %).

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5