Дзмітрый Бандарэнка: “Галоўнае пытанне — не ў журналістах. Пытанне – на якой падставе КДБ вярбуе журналістаў...”

Прэс-служба ГА “БАЖ” папрасіла сябра арганізацыі Дзмітрыя Бандарэнку пракаментаваць фрагмент свайго інтэрв’ю «Народнай волі», які выклікаў вялікі рэзананс у журналісцкім асяродку: пра тое, што «прыкладна 80 адсоткаў незалежных журналістаў завербаваныя КДБ».

Дзмітрый Бандарэнка: На жаль, «быццё вызначае свядомасць» — ад гэтага нікуды не падзецца. Сказаць, што ўлады і КДБ не цікавяцца журналістамі — значыць, увесь час хадзіць у ружовых акулярах.

Паглядзіце — сярод тых людзей, якія сядзелі ў КДБ, здаецца, больш за 10 чалавек з’яўляюцца сябрамі БАЖ ці журналістамі... Адна з першых прапановаў да мяне ў СІЗА КДБ была — давайце Вы будзеце з намі супрацоўнічаць, і сайт «Хартыі» будзе не такім адмарожаным, а будзе канструктыўнай апазіцыяй, альтэрнатыўным «люстэркам»...

Я не ведаю, колькі там працэнтаў, але давайце так: ёсць нуль, а ёсць лічба, якую агучыў Бандарэнка – 80%. Агучце «сваю» лічбу, дакажыце мне, што гэта нуль. Я са свайго досведу кажу, што не.

БАЖ: Гэтая лічба так вырасла пасля снежаньскіх падзеяў 2010-га? Ці і раней такая ж была?

Д.Б.: Безумоўна, яна была значна меншай. Але, прабачце, я ведаю людзей, якія казалі мне, што яны былі завербаваныя. І я ведаю, што яны журналісты. І гэта страшная рэч, таму што людзей вярбуюць на тым, што ёсць недахопы – напрыклад, шмат журналістаў працуюць неакрэдытаванымі на замежныя выданні, ёсць падаткавыя праблемы, і гэта выдатная глеба для вярбоўкі. Безумоўна, трэба разумець, што гэта праблема вельмі сур’ёзная.

Я задаволены тым, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца ў грамадстве. Трэба разумець, што людзі, якія падпісалі паперы аб супрацоўніцтве з КДБ, - у чымсьці няшчасныя людзі. Але гэта не значыць, што яны ўвесь час працуюць на КДБ – іх прымусілі. Чалавек быў у стане эмацыйнага шоку, можа, яму ці яго родным пагражалі крымінальнай справай - і чалавек пайшоў на гэта. Гэта не значыць, што ён стаў супрацоўнікам КДБ...

БАЖ: Якія наступствы можа мець абмеркаванне гэтай тэмы – станоўчыя, бо гэты «нарыў» ускрыецца, ці гэта можа спарадзіць большы недавер у журналісцкім асяродку?

Д.Б.: Я лічу – добра, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца. Сёння гэта гарачае абмеркаванне, а потым і да нейкага «сухога астатку» справа дойдзе. Не думаю, што гэта адаб’ецца на атрымальніках інфармацыі, чытачах газет. Таму што патрэба ў інфармацыі – гэта базавы інстынкт чалавека, і ён будзе чытаць інфармацыю ўсё роўна - магчыма, будзе больш сур’ёзна ставіцца да крыніц інфармацыі і задумвацца. Гэта як мае знаёмыя казалі: яны ведалі, што ў іх дома ёсць праслухоўвальная абсталяванне, але, калі падчас рамонту яны ўбачылі яго на ўласныя вочы, то стала брыдка жыць. Але што рабіць, калі гэта ёсць? А як пры дыктатуры можа быць? Трэба проста быць рэалістамі.

Я лічу, што трэба, як кажа мой сябра Мікалай Халезін, ускрываць табуіраваныя тэмы. Мабыць, у нашым асродку гэтая тэма - табуіраваная. Яна абмяркоўваецца, але непублічна. Мабыць, цяпер будзе абмяркоўвацца публічна.

Галоўнае пытанне - не ў журналістах. Пытанне – на якой падставе КДБ вярбуе журналістаў. Спробы вярбоўкі была амаль ва ўсіх, хто апынуўся ў “амерыканцы” за гэты час. У кожнага доказамі на судах з’яўляліся раздрукоўкі праслухоўвання тэлефонаў. Я так і не пачуў адказу на сваё пытанне: чаму мяне праслухоўвалі яшчэ пачынаючы з верасня? І тут галоўнае пытанне – чаму такая сітуацыя ў Беларусі? Чаму такая ўседазволенасць КДБ, на якой падставе? У нас што – тэрарыстычная пагроза ў краіне? Мне здаецца, акцэнт трэба рабіць на гэта...

  • Оцени статью: