Як застацца пісьменніцай у Беларусі?

Чаму жанчыны, якія пачынаюць як літаратаркі, не застаюцца ў творчасці, з якіх прычын і куды сыходзяць, абмеркавалі на семінары «Жанчына ў сучасным літаратурным працэсе: праблемы і перспектывы», арганізаваным ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Гендэрная сістэма, як патлумачыла спецыяліст са Швецыі Ванья Хермеле, складаецца з гендэрнай роўнасці і гендэрнай перспектывы. Калі гендэрная роўнасьць выяўляецца ў колькасных паказчыках, напрыклад, адсотку жанчын у кіруючых органах рознага ўзроўню, у тым ліку жанчын, якія выдаюць кнігі, то гендэрнарная перспектыва звязаная з тэмамі, якія закранаюць жанчыны ў сваіх творах.

Выступ сп. Хермеле ў вялікай ступені перагукаўся з тым, аб чым казала паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева, якая таксама займаецца гендэрнай праблематыкай. Апроч іншага сп. Вольга адзначыла, што да самога слова «фемінізм» у Беларусі стаўленне дагэтуль вельмі неадназначнае нават сярод жанчын, і з гэтым паняткам яшчэ трэба працаваць.

Удзельнікі семінару выканалі практычнае заданне, паспрабаваўшы даць адказы на пытанне «Што рабіць, каб творчая праца жанчыны была больш плённай», а потым абмеркавалі іх у групах і параілі СБП шляхі вырашэння гэтых праблемаў.

Як адзначыла Аляксандра Дынько, адна з аўтарак канцэпцыі семінару, гендэрная роўнасць ― гэта азбука дэмакратыі.

— Гэта пытанне, якое хвалюе ўсіх, і, пакуль будуць існаваць розныя формы гендэрнай прыналежнасьці, яно будзе ўзнімацца… Паколькі гэта праблема датычыць усіх, усяго грамадства, вельмі важна яго абмяркоўваць з тымі людзьмі, якія ствараюць культуру, асабліва гэта важна ў нашай цяперашняй сітуацыі, паколькі культура ― гэта, можа быць, адзінае, што яднае, ці мае патэнцыял нашага яднання, — зазначыла Аляксандра Дынько.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 13
  • "ПРОТИВ" : 1