Беларуска-нямецкае супрацоўніцтва выходзіць за межы рэгіёнаў

Ці магчымае супрацоўніцтва паміж грамадзянскімі ініцыятывамі ў час «замарожаных» на палітычным узроўні адносінаў паміж Беларуссю і Захадам -- «Заўтра тваёй краіны» шукае адказ разам з Марцінам ШОНАМ, рэферэнтам Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага урада Германіі «Пераадольваючы межы».

-- Днямі на Міжнароднай канферэнцыі «Перспектывы сыцыяльнага партнёрства» ў Мінску Праграма падтрымкі абвясціла, што гатовая распачаць чарговы, шосты, этап. Адкуль можна чакаць перашкодаў цягам яго рэалізацыі?

-- Мне падаецца, што канферэнцыя якраз паказала, што перашкодаў фармальных ці палітычных чакаць няварта. Усе разумеюць, што гэтае супрацоўніцтва дае рэальны плён, паколькі дазваляе ў розных галінах вырашаць і рэгіянальныя, і нацыянальныя праблемы, якія цікавыя і грамадскасці, і дзяржаве. З гэтага боку я перашкодаў не чакаю.

Я бачу небяспеку неасэнсавання некаторымі арганізацыямі патрэбаў сеткавага супрацоўніцтва. Менавіта з-за гэтага, магчыма, па колькасці якасных заявак на ўдзел у конкурсе Праграмы падтрымкі будзе не так шмат, як хацелася б. Аднак у выніку, спадзяюся, удзельнікамі Праграмы падтрымкі стануць арганізацыі, якія здолеюць будаваць партнёрства найбольш прафесійна.

-- Чым будзе адметны шосты этап Праграмы падтрымкі ад папярэдніх?

-- Канцэпцыя новай фазы супрацоўніцтва ў 2012-2013 гадах абапіраецца на дасягненні ўжо зрэалізаваных праектаў, аднак сапраўды адрозніваецца ад папярэдніх стадый.

Падыходы Праграмы заўжды грунтаваліся на партнёрстве паміж рознымі гульцамі па вырашэнні мясцовых і рэгіянальных, а потым і нацыянальных праблемаў.

На першапачатковых этапах Праграмы (з 2002 па 2008 гады) вялася гаворка, у першую чаргу, пра дыялог: каб увогуле розныя бакі пачалі размаўляць, каб яны зразумелі, што дзяржаўная ўстанова і мясцовая грамадская арганізацыя могуць разам развіваць галіну ці займацца сацыяльнай праблематыкай. І мясцовыя ўлады могуць таксама гэтаму спрыяць.

У пятай фазе супрацоўніцтва ўжо вырасла да сталага ўзаемадзеяння. Адбылася інстытуалізацыя дыялога праз грамадскія саветы, кластэры ці мясцовыя павесткі. Лагічным настпуным крокамі для іх становіцца работа на нацыянальным ўзроўні.

-- Што гэта значыць?

-- У Беларусі ўжо працуюць каля 20 грамадскіх саветаў у сферах аграэкатурызму, устойлівага развіцця, кіравання жыллёвым фондам і сацыяльнымі пытаннямі. У аграэкатурызме створаная нават сетка такіх саветаў, якія абменьваюцца досведам, да прыкладу ў арганізацыі мясцовых фестываляў. І ў наступнай фазе паўстане пытанне, як праводзіць працу з чальцамі гэтае сеткі і грамадскасцю, як распрацаваць стратэгію сеткі на сталай аснове.

А калі мы гаворым пра фармат менавіта Праграммы, то гэта значыць, што мы збіраемся падтрымліваць не маленькая ініцыятывы на месцах, а у першую чаргу стуктурастваральныя праекты, дзе некалькі беларускіх некамерцыйных арганізацый заяўляюць праект разам з нямецкімі арганізацыямі.

-- Такім чынам, праекты становяцца больш маштабнымі, чымсьці падчас папярэдніх фазаў?

-- Так. Яны павінны будуць рэалізоўвацца як мінімум у двух абласцях Беларусі. Да таго ж, яны змогуць уключаць міні-кампаненты падтрымкі мясцовых праектаў, якія раней падтрымліваліся Праграмай.

-- З гэтага вынікае, што колькасць падтрыманых Праграмай праектаў зменшыцца?

-- Бадай так, магчыма, нават у чатыры разы. Калі на мінулым этапе гэта было 42 праекты, то на дадзеным этапе сыходзім з колькасці калі 12. А фінансаванне кожнага з праектаў тады павялічыцца.

-- Як вы лічыце ці шмат будзе жадаючых паўдзельнічаць у шостым этапе Пргарамы падтрымкі?

-- Я мяркую, што прэтэндэнтаў будзе шмат. І вельмі спадзяюся, што арганізацыі зразумеюць гэты падыход і не будуць думаць: “О, выдатна, зараз нам далі магчымасць падаць заяўку на большую суму, таму мы будзем рабіць той жа самы праект, але па ўсёй краіне”. Такія праекты не будуць падтрыманыя. Павінна быць рэальнае партнёрства, якое дазваляе развіваць адпаведную галіну на справе.

-- Ці трэба чакаць зменаў у сферах дзейнасці, якія будзе ахопліваць Праграма падтрымкі?

-- Іх стане больш. Цяпер гэта кіраванне нерухомасцю, аграэкатурызм, энергаэфектыўнасць і аднаўляльныя крыніцы энергіі, дадатковая адукацыя, сацыяльныя інавацыі, устойлівае развіццё, школьныя мясцовыя павесткі – 21.

-- Якія здабыткі папярэдніх этапаў вы хацелі б скарыстаць і якіх з былых памылак пазбегнуць?

-- Сталае шматгадовае супрацоўніцтва паміж нямецкімі і беларускімі арганізацыямі з аднаго боку і супрацоўніцтва паміж рознымі арганізацыямі ў Беларусі -- гэта адзін здабытак. Другі – гэта тое разуменне патрэбы сеткавай працы, якое дакладна ёсць у шматлікіх гульцоў. Адзначу асобна партнёрства з уладамі – гэта больш, чым дыялог, бо дзяржаўныя арганізацыі ўжо разам працуюць з недзяржаўнымі арганізацыямі ў інтарэсах самой Беларусі.

Мне хацелася б, каб беларускія арганізацыі падыйшлі да гэтага конкурсу як да магчымасці асэнсаваць сваю дзейнасць і надалей яе развіваць. І мне здаецца, што ў наступнай фазе мы можам яшчэ палепшыць працу з самімі арганізацыямі, якія падаюць праекты. Не хацелася б, каб дваццаць розных арганізацый падавалі кожная сваю заяўку ў той час, калі яны маглі б сесці разам за стол, распрацаваць праект і мець на будучыню нашмат болей перспектываў, нават калі гэты праект не стане пераможцам конкурсу Праграмы падтрымкі – заяўкі ж можна падаваць і ў любы іншы фонд.

Даведка “Заўтра тваёй краіны”

Конкурс праектных прапановаў да шостага этапа Праграмы падтрымкі Беларусі будзе абвешчаны ў красавіку 2012 года. Заяўкі на ўдзел у конкурсе праектаў павінны быць пададзеныя да ліпеня 2012-га. Рэалізацыя чарговага этапа пачнецца з верасня.

  • Оцени статью: